Клайшанскія школьнікі акунуліся ў атмасферу кадэцкага братэрства

- 9:44ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

Навучэнцы Клайшанскай базавай школы Воранаўскага раёна здзейснілі паездку ў Гродзенскае абласное кадэцкае вучылішча.

Гэта экскурсія не была спантаннай, а загадзя планавалася па некалькіх прычынах. Па-першае, з мэтай ваенна-патрыятычнага выхавання, якое актуальна цяпер для любой школы. Па-другое, у вучылішчы навучаюцца былыя вучні школы, сустрэчы з якімі вельмі чакалі іх аднакласнікі. Па-трэцяе, хацелася наведаць установу з мэтай прафарыентацыі.

У Гродзенскім абласным кадэцкім вучылішчы школьнікаў 6–9-х класаў сустрэў намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Андрэй Аўтух, які пазнаёміў дзяцей з жыццём установы. Ён расказаў, што на сённяшні дзень у вучылішчы навучаецца 116 чалавек, сярод якіх 23 дзяўчынкі. Усе яны не толькі рыхтуюцца да служэння Айчыне, але і праходзяць сапраўдную школу жыцця, набываючы самастойнасць і ўменне спраўляцца з цяжкасцямі. У кадэцкае вучылішча хлопцы і дзяўчаты паступаюць з 8-га класа, пры гэтым усе яны яшчэ да пачатку навучальнага года наведваюць дзіцячы аздараўленчы лагер “Юны кадэт”, дзе на працягу пятнаццаці дзён праходзяць важны этап адаптацыі да ўмоў кадэцкага жыцця, затым на працягу верасня васьмікласнікі праходзяць школу маладога кадэта, а ў кастрычніку на ўрачыстай цырымоніі прымаюць клятву на вернасць кадэцкаму братэрству.

Затым клайшанскіх школьнікаў запрасілі на экскурсію па вучылішчы, паказалі ўмовы пражывання, навучальныя кабінеты і спартыўную залу. Масу эмоцый выклікала наведванне ціра, дзе жадаючыя маглі прадэманстраваць свае снайперскія здольнасці. Спадабаўся клас агнявой падрыхтоўкі, дзе вядзецца зборка і разборка аўтамата Калашнікава, ёсць электронны трэнажор, тут можна адпрацаваць нарматывы па стральбе лазерным аўтаматам. Дарэчы, усе нарматывы па дапрызыўнай ваеннай падрыхтоўцы выконваюцца аднолькава, як хлопчыкамі, так і дзяўчатамі. Наведванне музея гісторыі арміі з багатай экспазіцыяй дазволіла школьнікам акунуцца ў мінулае, дакрануцца да рарытэтных рэчаў ваеннага часу, бо тут прадстаўлена ўнікальная калекцыя ваеннай формы і галаўных убораў, ваенных артэфактаў, знойдзеных падчас раскопак.

Дзеці з нецярпеннем чакалі сустрэчы з былымі навучэнцамі школы, а цяпер кадэтамі вучылішча Мікітам і Яўгенам Андруконісамі. Зараз хлопцы вучацца ў 9-м класе вучылішча. Паступілі яны ў навучальную ўстанову ў 2020 годзе, пасля заканчэння 7-га класа Клайшанскай базавай школы. Свой выбар зрабілі свядома і загадзя рыхтаваліся да паступлення. Былыя землякі расказалі навучэнцам пра ўмовы навучання і пражывання ў вучылішча, пра тое, што кадэты атрымліваюць поўнае дзяржаўнае забеспячэнне на ўвесь тэрмін навучання. Вельмі былі здзіўлены школьнікі, што ў вучылішчы ёсць абмежаванні, напрыклад, карыстацца асабістымі тэлефонамі, планшэтамі і ноўтбукамі дазволена толькі 50 хвілін у дзень, у выхадныя крыху больш. Мікіта і Яўген расказалі рабятам, як праходзіць страявая падрыхтоўка, чым займаюцца кадэты ў вольны час і пацвердзілі, што распарадак настолькі насычаны, што пра гаджэты няма часу ўзгадваць. Акрамя абавязковых школьных заняткаў, тут шмат культурна-спартыўных мерапрыемстваў. Тры разы на тыдзень – паездка ў басейн, працуе секцыя рукапашнага бою, дзюдо, самба, грэка-рымскай барацьбы.

Экскурсія атрымалася цікавай і запамінальнай. У Гродзенскім абласным кадэцкім вучылішчы створаны добрыя ўмовы для фарміравання грамадзянска-патрыятычнай свядомасці вучняў, станаўлення іх актыўнай жыццёвай пазіцыі, падрыхтоўкі да служэння Айчыне на грамадзянскай і ваеннай ніве.

А самае галоўнае, што навучэнцы на прыкладзе жыцця выхаванцаў кадэцкага вучылішча ўбачылі, што такое калектыў, сяброўства і ўзаемадапамога. Адным словам, кадэцкае братэрства!

 

Юрый ВІЛЬЧЭЎСКІ,
кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні
Клайшанскай базавай школы
Воранаўскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий