Ва ўрочышчы Курпяшы, каля помніка зверскі забітым фашыстамі 2800 яўрэям Дзятлаўскага гета, адбыўся мітынг-рэквіем, прысвечаны 80-й гадавіне з дня трагедыі. У яго правядзенні прынялі ўдзел вучні гімназіі № 1 Дзятлава.
На гэтым месцы сабраліся прадстаўнікі раённай улады, працоўных калектываў і школ райцэнтра, члены іўдзейскай абшчыны Гродзеншчыны, нашчадкі загінулых, каб схіліць галовы на месцы жудаснай трагедыіі, якую ў 1942 годзе ўчынілі фашысты.
Плача скрыпачка… гучыць вельмі жалобны яўрэйскі матыў… Да вайны на Дзятлаўшчыне пражывала каля чатырох з паловай тысяч яўрэяў. Яны займаліся рамяством, гандлем, трымалі кафэ, булачныя, пякарні, былі добрымі шаўцамі, цырульнікамі, стаматолагамі, фатографамі. Яны любілі жыццё і свой горад, але жудасная ідэя нямецка-фашысцкіх акупантаў пра знішчэнне народаў і нацый вырашыла іх трагічны лёс.
Ля помніка ўспаміналі пра дзве жудасныя даты – 30 красавіка і 6 жніўня 1942 года. У гэтыя дні білі, рабавалі, стралялі, здзекаваліся і канчаткова знішчылі яўрэйскую абшчыну Дзятлава. Па існуючым даным, каля 500 чалавек выратаваліся, дзякуючы сяброўскім зносінам з суседзямі-беларусамі і палякамі. Ганаровае званне “Праведнікі Народаў Міра” было прысвоена сям’і Лаўнік з вёскі Хвінявічы, якая дапамагала яўрэям ратавацца ад фашыстаў.
Дарога да такіх месцаў, як гэта, не зарасце ніколі. Тое, што сёння на мітынг у Курпешскім лесе сабралася так многа людзей, сведчыць пра адзінства нашага грамадства. Удзельнікі мерапрыемства ўшанавалі памяць загінулых хвілінай маўчання, усклалі да помніка каменьчыкі, кветкі і вянкі, пакінулі тут лампадкі як знак смутку і памяці.
Алена РАДОМСКАЯ,
настаўнік гісторыі гімназіі № 1 Дзятлава