Паэтычная гадзіна “Роднае слова”, прысвечаная 40-годдзю з дня адкрыцця літаратурнага музея Якуба Коласа, прайшла ў Люсінскім дзіцячым садзе – сярэдняй школе Ганцавіцкага раёна.
У мерапрыемстве ўдзельнічалі ветэран працы і грамадскі дзеяч А.У.Свірыд, загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Ганцавіцкай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Т.У.Маляўка, загадчык музея Н.А.Антыкала, вучні 6–7-х класаў і інш.
Падчас паэтычнай гадзіны ўзгадалі самыя яркія і хвалюючыя моманты з жыцця музея, абмеркавалі важнасць захавання спадчыны Якуба Коласа, яго жыццёвы і творчы шлях. Вучні чыталі не толькі вершы класіка, але і ўласныя. Лепшыя чытальнікі атрымалі падарункі.
А.У.Свірыд уручыў дырэктару ўстановы пісьмо-віншаванне ад імя супрацоўнікаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа з найлепшымі пажаданнямі.
На Ганцавіччыне захоўваюць памяць пра паэта. Любоў да яго творчасці перадаецца з пакалення ў пакаленне. На прыкладзе класіка дзеці вучацца любіць Радзіму і родную мову.
Аліна РЫЛКА,
намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці
Люсінскага дзіцячага сада – сярэдняй школы імя Якуба Коласа
Ганцавіцкага раёна