Чарговая экспедыцыя пошукавага атрада “Нашчадкі” Сянкоўшчынскай сярэдняй школы Слонімскага раёна папоўніла асноўны фонд школьнага музея. Сям’я Сяргея Леанідавіча і Аліны Іосіфаўны Бабілы падарыла новы экспанат.
Гэта частка ткацкага станка, якую ў нашай мясцовасці называюць “векошкі” (арфаграфія аўтара – заўвага. рэд.). Навучэнцаў адразу здзівіла гэтае забытае слова, значэнне якога зразумець сёння вельмі цяжка. Хоць некалі яго значэнне разумела нават маленькае дзіця, калі ўжо ў пяць год дзяўчынку садзілі за ткацкі станок вучыцца прыёмам ручнога ткацтва.
У працэсе даследавання высветлілася, што векошкі – гэта фігурна апрацаваны слупок-ствол, што канчаецца ўнізе круглявымі дыскамі. Канцы верхніх двух ніт злучаюцца вяроўкай ці тонкай скураной папружкай праз драўляны блок – векошку. Векошкі падвешваюцца на верхніцу. З дапамогай гэтых блокаў рухаюцца ніты, да якіх прывязаны падножкі.
У мінулым майстры ручнога ткацтва ўсю сабраную ўнутраную частку станка называлі “збруяй”. Захоўвалася яна падвешаная на сцяну ў клецях ці на гарышчах. У склад “збруі” ўваходзілі і векошкі. Раней векшай называлі вавёрку; менавіта з-за таго, што векошкі дапамагаюць рухаць ніты ў ткацкім станку, яны маюць такую назву.
У выніку праведзенай работы наш музей папоўніўся новым экспанатам з незвычайнай назвай. Варта адзначыць, што ў музеі ёсць і іншыя часткі ткацкага станка, таксама прадметы для прадзення і вырабы з тканіны самых розных узораў.
Наша работа на гэтым не канчаецца, мы працягнем па драбнічках збіраць часткі ткацкага станка, каб у вучняў нашай школы з’явілася магчымасць пазнаёміцца з элементамі ткацтва.
Такім чынам, магчымасці пошукавага атрада велізарныя, важна толькі жаданне настаўнікаў і іх уменне зацікавіць навучэнцаў і прыцягнуць да работы. Правільна арганізаваная работа адкрывае шырокія перспектывы ў выхаванні падрастаючага пакалення з дапамогай даследчай работы. Кім бы ні сталі далей нашы вучні, якія прайшлі школу краязнаўства, яны заўсёды будуць адчуваць сваё дачыненне да роднага краю.
Яніна РАЧКОВА,
настаўнік гісторыі і грамадазнаўства
Сянькоўшчынскай сярэдняй школы
Слонімскага раёна