Штомесяц у гімназіі № 1 імя К.Каліноўскага Свіслачы з мэтай арганізацыі пазакласнай работы па розных вучэбных прадметах праводзяцца заняткі ў форме творчых лабараторый.
Такая форма пазакласнай работы па прадмеце прызначана для ўсіх вучняў, хто асабліва цікавіцца тым ці іншым прадметам, а таксама для ўдзельнікаў прадметных алімпіяд. У чарговы шосты школьны дзень творчая лабараторыя “Скарбы роднай мовы” сабрала ўсіх аматараў беларускай мовы. А занятак для вучняў 5–7-х класаў падрыхтавала і правяла дзесяцікласніца Ульяна Цямежнікава, пераможца абласнога этапу алімпіяды па беларускай мове.
Заняткі прайшлі ў форме гульні, у ходзе якой гімназістам неабходна было праявіць дапытлівасць, кемлівасць, і вядома ж, прадэманстраваць свае веды па прадмеце. Спачатку вучням было прапанавана разгадаць тэматычныя загадкі і рэбусы, адгадкамі да якіх з’яўляліся адметныя беларускія словы. Пасля ўсе разам канструявалі прыказкі – залацінкі народнай мудрасці. Адправіўшыся ў віртуальнае падарожжа, сабралі багаты ўраджай ягад, назвы якіх трэба было запісаць па-беларуску. А дакрануцца да гістарычнага мінулага дзеці змаглі, выконваючы заданні, звязаныя з этнаграфіяй. Сярод вялікага спісу слоў неабходна было выбраць спачатку тыя, якія абазначаюць назвы адзення, потым – назвы нацыянальных страў, а лексічнае значэнне астатніх растлумачыла вядучая. На экране ўсе паняцці суправаджаліся малюнкамі ці фотаздымкамі.
На занятку гімназісты даведаліся многа новых слоў, яшчэ раз пераканаўшыся ў багацці і самабытнасці беларускай мовы. А самыя актыўныя ўдзельнікі гульні былі ўзнагароджаны граматамі.
Вольга БЕЛЯНЯ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
гімназіі № 1 імя К.Каліноўскага Свіслачы