У рамках пілотнага праекта па арганізацыі і правядзенні экскурсій навучэнцы 10-га класа Міжэвіцкай сярэдняй школы Слонімскага раёна наведалі музей Беларускага Палесся ў Пінску.
Вучні з задавальненнем зазірнулі ў гісторыю Палесся, пазнаёміліся з побытам мясцовых жыхароў. Пасля паездкі дзесяцікласнікі дзяліліся сваімі адкрытымі і шчырымі ўражаннямі.
У горадзе Пінску мы былі ўпершыню. Гэта вялікі культурны і прамысловы цэнтр Палесся. Вучняў уразіў той факт, што музей “немалады” – ён быў заснаваны аж у 1924 годзе.
Прадметы экспазіцыі “Промыслы і рамёствы Палесся” даюць уяўленне аб традыцыйных рамёствах і промыслах: бондарства, рыбалоўства, ткацтва, пляценне. Алега Нагеля і Ілью Мышко вельмі ўразіла майстэрства нашых продкаў вырабляць гліняны посуд, каваць з жалеза разнастайныя прадметы. А дзяўчынак зацікавілі ўзоры на тканых вырабах і адзенні. Вікторыя Рэкун лічыць, што самым яркім экспанатам музея быў драўляны веласіпед.
Экспазіцыя “Гісторыя Піншчыны са старажытных часоў да пачатку XX стагоддзя” прадстаўляе прадметы, знойдзеныя падчас археалагічных раскопак. Тут мы ўбачылі ўнікальную калекцыю керамічнай пліткі XII стагоддзя, свінцовую пячатку Ізяслава Яраслававіча XI стагоддзя.
У экспазіцыйнай зале “Піншчына ў гады Вялікай Айчыннай вайны” старшакласнікі даведаліся аб стварэнні партызанскага атрада пад кіраўніцтвам В.Каржа, пінскім гета, баях за вызваленне Піншчыны.
З расказу экскурсавода вучні даведаліся, што мастацкая калекцыя экспазіцыі “Рускае мастацтва XIX–XX стст.” лічыцца другой па значнасці ў рэспубліцы, пасля Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. У ёй сабраны карціны, напісаныя вядомымі мастакамі Айвазоўскім, Шышкіным, Васняцовым і іншымі.
Па меркаванні вучняў, такія пазнавальныя экскурсіі дапамагаюць больш поўна ўсвядоміць, хто ты, кім былі твае продкі, зразумець, што нам ёсць чым ганарыцца.
Алена ШКУДА,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Міжэвіцкай сярэдняй школы
Слонімскага раёна