Навучанне хуткае і эфектыўнае

- 9:44В СВЕЖИХ НОМЕРАХ "НАСТАЎНІЦКАЙ ГАЗЕТЫ"

Калі гаворка заходзіць пра “Зубраня”, то першай і лагічнай асацыяцыяй, якая прыходзіць, з’яўляецца адпачынак. Але ў Нацыянальным дзіцячым адукацыйна­аздараўленчым цэнтры дзеці яшчэ і вучацца. У яго структуры дзейнічае школа. “Зубраня” працуе без перапынкаў, таму дзеці падчас змен адпачываюць і вучацца адначасова, каб не выбівацца з адукацыйнага працэсу.

Адмысловая

І школа ў “Зубраняці” адмысловая. Як адзначыла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Ірына Гунько, арганізацыя адукацыйнага працэсу ажыццяўляецца на падставе вучэбных праграм, зацверджаных Міністэрствам адукацыі, і вучэбнага плана, які штогод распрацоўваецца на аснове тыпавога вучэбнага плана для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі пры арганізацыі адукацыйнага працэсу ў санаторна-курортных і аздараўленчых арганізацыях. Усе праграмы адпавядаюць адукацыйным стандартам і ўзроўню падрыхтоўкі вучняў па канкрэтнай вучэбнай дысцыпліне. 

На сёння ў школе працуюць 30 педагогаў, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце, загадчык аддзела вучэбнай работы, метадыст, лабарант. Гэта як маладыя настаўнікі, так і больш вопытныя. Дарэчы, 28 з іх паралельна і класныя кіраўнікі. Некаторыя трапілі сюды па размеркаванні, як, дарэчы, і мая суразмоўніца Ірына Гунько. Навучальная ўстанова мае свой будынак, які поўнасцю адпавядае сучасным запытам. Школьныя калідоры і 17 вучэбных кабінетаў маюць яркі і цікавы дызайн, аснашчаны зручнай мэбляй з сучасным тэхнічным абсталяваннем. Для дзяцей арганізавана магчымасць анлайн-зносін з настаўнікамі са сваіх родных школ, што асабліва актуальна пры падрыхтоўцы, напрыклад, да алімпіяд, канферэнцый, конкурсаў. 

У школе арганізавана работа профільных атрадаў па біялогіі, хіміі і фізіцы. Заняткі праходзяць у лабараторным комплексе “Юніёр Плюс”: у экалагічнай (у Доме экалагічнай асветы), хімічнай і фізічнай лабараторыях з сучасным абсталяваннем. “Арганізацыя навучання па профілях дапамагае дзецям вызначыцца з будучым напрамкам”, — заўважыла Ірына Васільеўна. Для дзяцей, якія вучацца ў гімназіях, ліцэях, арганізуецца правядзенне стымулюючых заняткаў, кансультацый. Па жаданні яны могуць наведваць факультатыўныя заняткі па прадмеце. 

“У нас арганізавана школьнае вучнёўскае самакіраванне “Горад пазнанняў”. Горад мае сваю гарадскую ратушу, гадзіннік, праспекты і вуліцы, а таксама сваю мэрыю. Самакіраванне дазваляе актывізаваць вучэбна-пазнавальную дзейнасць вучняў і дае ім магчымасць рэалізаваць свой творчы патэнцыял. Акрамя таго, у школе НДЦ “Зубраня” арганізавана дзейнасць вочна-завочнай школы для адораных дзяцей з сельскай мясцовасці. Навучэнцамі з’яўляюцца школьнікі 8—10 класаў, зацікаўленыя ў паглыбленым вывучэнні матэматыкі, фізікі, інфарматыкі, пераможцы школьных, раённых алімпіяд. Навучанне доўжыцца тры гады”, — адзначыла дырэктар Надзея Ануфрыева.

На працягу змены (трох тыдняў) у школе вучацца каля 700 чалавек. Напаўняльнасць класаў — 25 навучэнцаў. У асноўным гэта вучні 6—10 класаў. Работа па фарміраванні класаў-атрадаў пачынаецца яшчэ да заезду дзяцей на аснове спісаў, якія паступаюць у цэнтр. Усё гэта садзейнічае больш хуткай адаптацыі дзяцей да новых умоў. Школа працуе ў рэжыме пяцідзёнкі. Заняткі праходзяць у дзве змены. У шосты школьны дзень праводзяцца класныя гадзіны, тэматычныя гульні, квесты, адкрыцці прадметных тыдняў, вядзецца фізкультурна-аздараўленчая работа.   

Навучанне ў школе НДЦ “Зубраня” мае свае адметнасці. Найперш яны звязаны з кароткачасовым тэрмінам навучання (нагадаем, што змена доўжыцца 3 тыдні), што ў сваю чаргу ўплывае на арганізацыю навучання (няма дамашняга задання) і фарміраванне класаў, якія ўяўляюць сабой часовае дзіцячае аб’яднанне. 

Навучэнцы маюць розны ўзровень падрыхтоўкі па прадмеце, бо прыязджаюць з агульнаадукацыйных школ, ліцэяў, гімназій, спецыялізаваных класаў. Натуральна, педагогі школы НДЦ “Зубраня” працуюць з дзецьмі, якія ў сваіх навучальных установах вучацца ў розных педагогаў па розных тэхналогіях. “У выніку нашым настаўнікам неабходна абапірацца на ўменні і веды навучэнцаў, атрыманыя дома. Акрамя таго, сваю спецыфіку ў арганізацыю вучэбнага працэсу ўносіць адсутнасць дамашняга задання. Увесь матэрыял павінен быць засвоены на працягу 40 мінут, што не можа не паўплываць на структуру ўрока”, — падкрэсліла Ірына Гунько.

Апорныя канспекты ў дапамогу

Павел Грынько фізіку ў школе НДЦ “Зубраня” выкладае 13 гадоў. За гэты час Павел Юр’евіч выпрацаваў сваю сістэму работы ў часовым вучнёўскім аб’яднанні. “На ўроках выкарыстоўваю работу ў групах, калі ў іх аб’ядноўваюцца дзеці з прыкладна аднолькавым узроўнем вывучанага матэрыялу, што дазваляе канцэнтравацца на дасягненнях кожнага і рухацца далей. Акрамя таго, прымяняю тэхналогію ўзбуйненых дыдактычных адзінак, калі аб’ядноўваюцца, напрыклад, тры тэмы ў межах аднаго раздзела, якія пасля даюцца спачатку тэарэтычна, потым практычна, а затым з дапамогай лабараторнага эксперымента. 

Навучанне ў школе НДЦ “Зубраня” мае свае адметнасці. Найперш яны звязаны з кароткачасовым тэрмінам навучання (нагадаем, што змена доўжыцца 3 тыдні), што ў сваю чаргу ўплывае на арганізацыю навучання (няма дамашняга задання) і фарміраванне класаў, якія ўяўляюць сабой часовае дзіцячае аб’яднанне.

Падчас засваення тэарэтычнай часткі робім з вучнямі апорныя канспекты са схемамі, каб яны зразумелі ўсе нюансы. Увогуле, апорныя канспекты — гэта сапраўдная палачка-выручалачка, бо мне даюць магчымасць хутка патлумачыць, а вучням зразумець і запомніць неабходную інфармацыю. 

А каб рэалізоўваць тэхналогію ўзбуйненых дыдактычных адзінак, трэба ўжо на этапе каляндарна-тэматычнага планавання на змену ўлічваць вывучэнне ўзаемазвязаных пытанняў па прадмеце. Такая тэхналогія дапамагае эканоміць час, які пасля можна выкарыстаць на адпрацоўку навыкаў прымянення ведаў”, — адзначыў Павел Юр’евіч. 

У сваёй педагагічнай дзейнасці настаўнік, як, зрэшты, і яго калегі, актыўна выкарыстоўвае ІКТ, інтэрактыўныя метады, якія значна пашыраюць фізічны кругагляд школьнікаў. Камп’ютар, мультыборд дапамагаюць дэталёва азнаёміцца з самымі складанымі фізічнымі з’явамі. Наяўнасць добрай матэрыяльнай базы па прадмеце — адзін са складнікаў фарміравання якаснай адукацыі, але многае залежыць ад асобы настаўніка, вопыту і прафесійнай дзейнасці.

І тут трэба адзначыць, што Павел Юр’евіч са сваімі вучнямі актыўна займаецца даследаваннямі. У гэтым навучальным годзе ён працуе ў межах тэмы “Вывучэнне гарызантальнага складніка магнітнай індукцыі і поля зямлі на шыраце “Зубраняці”. Разам са школьнікамі яны сочаць за змяненнямі магнітнага поля ў НДЦ. “Пакуль яно стабільнае”, — адзначыў педагог. 

Без эйджызму

“Зубраня” — тое месца, дзе проста настаўнікам быць немагчыма”, — адзначыла ў пачатку нашай размовы настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Аліна Сцяпура. Сапраўды, у школе цэнтра працуюць вельмі актыўныя і ініцыятыўныя педагогі, пра якіх з лёгкасцю можна сказаць: “І шавец, і кравец, і каваль, і стругаль”. Яны і на ўроках, і на класных гадзінах, і на агульных мерапрыемствах працуюць з мікрафонам на вялікую аўдыторыю. 

“Мне вельмі падабаецца адсутнасць у нашым педагагічным калектыве эйджызму. Нягледзячы на мой малады ўзрост, мне даюць рэалізоўвацца напоўніцу. У мяне, напрыклад, ужо ёсць катэгорыя”, — працягвала Аліна Алегаўна. Навучанне на сваіх уроках маладая настаўніца ў асноўным будуе на індывідуальным падыходзе. Складана, але па-іншаму ў часовым дзіцячым аб’яднанні з розным узроўнем падрыхтоўкі немагчыма. Разам з тым развівае са сваімі вучнямі праектную дзейнасць, працуе па тэхналогіі ўзбуйненых дыдактычных адзінак, што, натуральна, эканоміць час. Запатрабаваны групавая работа, выкарыстанне ІКТ (мультыбордаў, камп’ютараў).

Безумоўна, бярэ пад увагу методыку настаўнікаў, якія выкладаюць у родных навучальных установах дзяцей. Напрыклад, некаторыя выкладаюць гісторыю Беларусі і сусветную гісторыю паралельна, а некаторыя — па чарзе. Такая інфармацыя збіраецца ў школьнікаў у самым пачатку змены (праводзіцца спецыяльнае анкетаванне — уваходны кантроль).  

“Вельмі дапамагаюць мабільныя класы з камп’ютарамі, калі, напрыклад, 5 чалавек можна пасадзіць і даць заданне, а самой працаваць з астатняй часткай. У нас выдатная бібліятэка, фонд якой увесь час абнаўляецца. Напрыклад, пяцітомнік “Гісторыя беларускай дзяржаўнасці” выкарыстоўваем не для азнаямлення з матэрыяламі, а для адпаведных даследаванняў. Усё гэта дазваляе арганізаваць вучэбны працэс так, каб дзеці як мінімум не адсталі ад вучэбнай праграмы, а ў некаторых выпадках нават пайшлі далей. Тут жа хачу адзначыць, што ў “Зубраня” прыязджаюць матываваныя школьнікі, таму мы імкнёмся задавальняць усе іх вучнёўскія патрэбы”, — расказала настаўніца.

Насычанасць і мабільнасць трохтыднёвага вучэбнага працэсу патрабуюць ад педагогаў распрацоўкі ўласных методык, форм работы. Аліна Алегаўна спецыялізуецца на арганізацыі тэматычных гульняў, адукацыйных экскурсій, квестаў (апошні быў прысвечаны гісторыі беларускай дзяржаўнасці). Яшчэ яна праводзіць урокі па грамадазнаўстве па методыцы “50/50”, калі адна палова ўрока аддаецца тэорыі, а другая — практыцы. Вучням падабаецца такая форма работы. 

 

Вольга ДУБОЎСКАЯ,
Фота Алега ІГНАТОВІЧА

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий