Клайшанскія навучэнцы наведалі Гродзенскі заапарк

- 14:19ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

Навучэнцы пачатковых класаў Клайшанскай базавай школы Воранаўскага раёна ў рамках экскурсійнага тура ў Гродна наведалі абласны заапарк.

На ўваходзе дзяцей сустрэла экскурсавод Анастасія Лупач. З яе вуснаў навучэнцы даведаліся, што заапарк доўгі час быў адзіным у Беларусі. Сёння – найбуйнейшы па калекцыі. У 1927 годзе яго стварыў педагог Ян Каханоўскі са сваімі вучнямі, у яго гонар ля ўваходу ўсталявана памятная дошка.

Знаёмства з жыхарамі заапарка было вельмі цікавым. Экскурсавод паведаміла, што тут жывуць 320 відаў жывёл, якія насяляюць усе кантыненты Зямлі, за выключэннем Антарктыды. Цікава было даведацца, што кожны жыхар мае сваё імя: некаторыя прыязджаюць са сваёй мянушкай, іншым даюць імя ў заапарку.

У Гродзенскім заапарку ўтрымліваюцца 17 відаў жывёл, занесеных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. Сярод іх мядзведзі, якія вельмі спадабаліся дзецям, адзін з іх нават прадэманстраваў ныранне ў ваду. Ўразілі сваім памерам зубры, прыгажосцю – алені. Насмяшылі навучэнцаў, вядома ж, малпачкі, якія вытваралі пацешныя трукі. Доўга назіралі дзеці за вярблюдам, асцерагаючыся, каб той не плюнуў. Аказалася, што за ўсю гісторыю заапарку такога ніводнага разу і не было.

На некаторы час дзеці затрымаліся ля возера з мноствам птушак. Гэта было непаўторнае відовішча! Па другой старане ад возера навучэнцы наведалі “кватэры” іншых птушак. Вельмі здзівілі фламінга, асабліва тое, што яны ядуць буракі, чырвоны перац і чырвоную рыбу, бо ад харчавання залежыць іх ружовы колер. Наогул, экскурсавод Анастасія расказала шмат цікавага пра звычкі, лад жыцця жывёл і птушак.

Непаўторныя ўражанні пакінуў прасторны тэрарыум з вялікай экспазіцыяй. Змеі розных колераў і памераў, яшчаркі, чарапахі і нават кракадзіл: дзецям страшна і цікава было за імі назіраць.

Удзельнікі экскурсіі, знаходзячыся ў натуральных прыродных умовах заапарка, адзначылі новыя гукі, фарбы, пахі. Такім чынам, дзеці атрымалі магчымасць “адчуваць” навакольны свет, бачыць і чуць тое, з чаго ён складаецца. Гэта экскурсія запомніцца навучэнцам надоўга, бо пакідалі яны заапарк з мноствам станоўчых эмоцый.

 

Ірына СЕМСЯ,
настаўнік пачатковых класаў
Клайшанскай базавай школы
Воранаўскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий