Трэнінг дапаможа лёгка і неназойліва пазнаёміць дзяцей дашкольнага ўзросту з сямейнымі каштоўнасцямі, функцыянальнымі ролямі членаў сям’і і канструктыўнымі ўзаемаадносінамі паміж імі.
Вольга ТУРУТА,
педагог-псіхолаг
ДУА “Санаторны яслі-сад № 9 г. Смаргоні”,
Гродзенская вобласць
Мэты:
— развіваць у дашкольнікаў уяўленне пра сваю сацыяльную ролю ў сям’і;
— фарміраваць пачуццё прыналежнасці да сям’і і адзінства з ёй;
— выхоўваць у дзяцей станоўчыя адносіны, любоў і прывязанасць да блізкіх людзей.
Узроставая катэгорыя: дашкольнікі сярэдняга і старэйшага ўзросту.
Працягласць: 25–30 хвілін.
Матэрыял: фарбы, алоўкі, каляровая і белая папера, шпалеры, кардон, пустыя каробкі, прыродныя матэрыялы, канструктары (па жаданні псіхолага можна выбіраць адзін любы матэрыял).
Ход трэнінгу
Псіхолаг: Давайце ўсе разам скажам адно аднаму “Добры дзень!”, а затым памахаем рукой. Вельмі прыемна вас бачыць. Сёння мы правядзём занятак у фармаце трэнінгу. Але спачатку давайце ўспомнім правілы групы.
1) Правіла круга: мы слухаем кожнага, хто гаворыць, не перабіваючы.
2) Правіла “Стоп”: хто не хоча выказваць сваю думку – гаворыць слова “Стоп”.
3) Правіла “Я”: кожны выказвае свае ўласныя думкі. Галоўнае, каб яны былі шчырыя.
І Міні-лекцыя “Сям’я – гэта”
Псіхолаг: Сям’я – аб’яднанне асоб, звязаных паміж сабой маральнай і матэрыяльнай агульнасцю і падтрымкай, вядзеннем агульнай гаспадаркі, правамі і абавязкамі, якія вынікаюць са шлюбу, блізкага сваяцтва, усынаўлення. Такое тлумачэнне дае слоўнік.
Сям’я – самае галоўнае ў жыцці для кожнага чалавека. Гэта блізкія і родныя людзі, тыя, з каго мы бяром прыклад, пра каго клапоцімся, каму жадаем дабра і шчасця. Назавіце, калі ласка, членаў сваёй сям’і. (Кожны ўдзельнік па чарзе называе членаў сваёй сям’і).
ІІ Асацыяцыя “Для мяне сям’я – гэта…”
Псіхолаг: Зараз кожны з вас назаве, якую асацыяцыю вызывае слова “сям’я”. Напрыклад, сям’я – гэта цяпло, бацькі, смех і г.д. Словы не павінны паўтарацца. (Усе асацыяцыі выпісваюцца на ватман. Калі ўдзельнік не гатовы назваць варыянт адказу адразу, ён можа прапусціць сваю чаргу і сказаць слова ў канцы).
ІІІ “Я пабудую дом, у якім бы хацеў жыць”
Загадзя псіхолаг падрыхтоўвае розныя матэрыялы: фарбы, алоўкі, каляровая і белая папера, шпалеры, кардон, пустыя каробкі, прыродныя матэрыялы, канструктары. Кожны з дзяцей выбірае сам, якім спосабам і з дапамогай якога матэрыялу стварыць свой дом. (У час “будоўлі” гучаць дзіцячыя песні пра сям’ю. Напрыклад, “Пусть вседа будет солнце”, “Моя семья” і г.д.)
Пасля заканчэння працы дзеці сумесна разглядваюць пабудаваныя імі дамы. Кожны “аўтар-архітэктар” расказвае пра свой дом.
Рэфлексія:
Пытанні ўдзельнікам:
1. Што азначае прымаўка “У гасцях добра, а дома лепш”?
2. Якіх было больш асацыяцый са словам “сям’я” – пазітыўных альбо негатыўных?
3. Што вы адчуваеце зараз?
Рытуал развітання
Усе ўдзельнікі становяцца ў круг. Бяруцца за рукі, гучна кажуць: “Усім жадаем усяго добрага”, – і хлопаюць у далоні.