Выкарыстанне матэрыялаў ЦТ на ўроках беларускай мовы на II ступені агульнай сярэдняй адукацыі

- 16:25Беларуская мова і літаратура. Ідэі, Методичка

Таццяна БАТУРА,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА «Навасёлкаўская базавая школа» Гродзенскага раёна,
Гродзенская вобласць

3107-81@mail.ru

 

 

Абрэвіятура ЦТ з’яўляецца, бадай, ці не самым частотным словам у лексіконе выпускнікоў. Вучняў, якія стаяць на парозе заканчэння сярэдняй школы, чакае здача цэнтралізаванага тэсціравання. Хтосьці спадзяецца на ўласныя сілы і рыхтуецца самастойна, хтосьці прыбягае да паслуг рэпетытараў. Аднак не трэба выпускаць з-пад увагі, што сістэмная і мэтанакіраваная работа па падрыхтоўцы да ЦТ вядзецца і настаўнікамі-прадметнікамі на ўроках. І няправільным будзе меркаванне, што гэтым займаюцца толькі ў 10–11-х класах. Ужо да пяцікласнікаў трэба ставіцца як да патэнцыяльных абітурыентаў.

Па завяршэнні кампаніі цэнтралізаванага тэсціравання Рэспубліканскім інстытутам кантролю ведаў Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь рэгулярна выдаецца зборнік тэставых заданняў, якія былі прапанаваны ў апошнім годзе. У кожнага настаўніка іх збіраецца вялікая колькасць, а гэта грунтоўная дапамога пры правядзенні ўрокаў. Выкарыстоўваць гэтыя матэрыялы можна ў розных кірунках, у залежнасці ад пастаўленых задач, ад выбраных метадаў і прыёмаў.

 

Самыя распаўсюджаныя формы ўключэння матэрыялаў ЦТ ва ўрокі беларускай мовы

Прыклады 

Пры тлумачэнні новага матэрыялу, акрамя прыкладаў з падручніка, прапануем тыя, што даюцца ў зборніках. Мэтазгодна запаўняць апорныя канспекты, слоўнічкі па вывучаемых правілах.

 

Арфаграфічная хвілінка

Гэта слоўнікавы дыктант па пэўнай тэме. Настаўнік выбірае словы са зборніка, якія датычацца вывучаемага раздзела, і дыктуе вучням. Прыдатнай для гэтага прыёму з’яўляецца арфаграфія. У ЦТ ёй прысвечаны першыя заданні. Апошнім часам гэта правапіс о/э/а, е/я, у/ў.

Можа быць так званае пісьмо з дзіркамі, калі на месцы арфаграмы літара прапушчана і яе трэба ўставіць.

 

Праверачныя тэставыя работы

На ўроках падагульнення мы часта прыбягаем да тэставых работ, а заданні для іх мэтазгодна выкарыстоўваць менавіта з мінулагодніх зборнікаў ЦТ. Толькі ўжо самі тэсты можна праводзіць у розных фарматах:

– на папяровым носьбіце – раздрукоўваем заданні на лістах, а праверка можа ажыццяўляцца па-рознаму: настаўнікам, сама- ці ўзаемаправерка па ключы; гэты спосаб даволі працаёмісты;

– на камп’ютары – на выручку прыходзяць камп’ютары і мабільныя тэлефоны; больш эрганамічны і папулярны спосаб.

Існуе некалькі праграм для складання тэстаў: гэта і спецыялізаваныя (накшталт “MyTestX”), і шматфункцыянальныя пляцоўкі, на якіх ёсць і такія опцыі (“LearningApps”, Google-дадаткі).

Праграма “MyTestX” дазваляе ствараць тэсты на любы густ, а дзякуючы шырокаму спектру настроек можна выстаўляць абмежаванні па часе, па колькасці запускаў, памылак, выбраць прыдатную шкалу ацэньвання, рэжым тэсціравання, дазволіць паказваць справаздачу вучням і г.д. Прадумана ўсё да дробязей. Пры наяўнасці сеткавага злучэння зручна карыстацца аўтаматызаваным журналам тэсціравання, у якім адлюстроўваюцца ўсе дзеянні ў рамках праграмы. Настаўніку адразу прыходзяць вучнёўскія вынікі, сістэматызаваныя ў табліцы.

Для стварэння тэстаў можна выкарыстоўваць і Google-дадаткі, у прыватнасці опцыю “Форма”. Тут таксама прапануюцца неабходныя настройкі для лепшага фарматавання. Ёсць магчымасць дадавання выяў і відэа, а таксама паметкі пра абавязковае пытанне. Калі тэст гатовы, неабходна скапіраваць спасылку на яго і даслаць адрасатам, аднак не забыцца адкрыць доступ да файла (гэта асаблівасць захавання на Google-дыску). Вынікі падрабязна аналізуюцца, як індывідуальна, так і статыстычна. Усё заносіцца ў табліцу і ў дыяграму.

Тэст на пляцоўцы “LearningApps” больш падобны да гульні накшталт “Хто хоча стаць мільянерам”, дзе неабходна выбраць правільны варыянт адказу з чатырох прапануемых. Тут праследуецца больш трэніровачная мэта, чым дыягнастычная, бо за правільнае рашэнне ўдзельнік узнагароджваецца смайлікам або слоўным выразам-удзячнасцю, а не адзнакай ці баламі. І ў выпадку няўдачы перазапусціць заданне можна шмат разоў.

Што выбраць у якасці формы для запаўнення – ваша справа, галоўнае, што зборнікі мінулагодніх ЦТ багатыя на матэрыял. Прычым, адна і тая ж тэма ў розныя гады можа абыгрывацца па-рознаму, адпаведна і пытанні фармулююцца інакш. Значыць, і нам не прыйдзецца ламаць галаву, каб разнастаіць тэст і ўключыць у яго як мага больш заданняў.

Напрыклад, па тэме “Складаны сказ з рознымі відамі сувязі частак” былі прапанаваны сказы без знакаў прыпынку, а трэба было выбраць варыянты іх пастаноўкі або ўказаннем іх назвы і колькасці (тыпу прапушчаны працяжнік і дзве коскі), або з канкрэтыкай на месцы пропуску, або проста вызначэннем нумарка, дзе ёсць пунктуацыйная памылка, або выбарам характарыстык да сказа.

Самастойная праца са зборнікамі

Вучні мэтанакіравана вывучаюць заданні на пэўную тэму, разбіраюць іх, аналізуюць з другога боку, больш поўна, прыводзяць аналагічныя прыклады і г.д. Напрыклад, настаўнік просіць выпісаць са зборнікаў пяць сказаў з дзеепрыметнікавым зваротам, калі ён не адасабляецца, або – бяззлучнікавыя складаныя сказы з працяжнікам паміж часткамі. Вучні трэніруюцца ў навігацыі і замацоўваюць свае веды.

Такім чынам, сістэмная праца па падрыхтоўцы да ЦТ распачынаецца з пятага класа, а матэрыялы мінулагодніх зборнікаў аказваюць вялікую дапамогу ў яе арганізацыі.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий