Заняткі “Школы пачынаючага педагога дадатковай адукацыі”, якія арганізаваны ў Ваўкавыскім цэнтры творчасці дзяцей і моладзі, дапамагаюць маладым спецыялістам павысіць сваю прафесійную кампетэнтнасць.
Праца з маладымі спецыялістамі – адзін з прыярытэтных напрамкаў у дзейнасці любой установы адукацыі. Штогод і ўстановы дадатковай адукацыі папаўняюцца маладымі педагогамі. Яны прыходзяць з дастатковым запасам тэарэтычных ведаў, але недастатковымі ўменнямі.
Для павышэння ІКТ-кампетэнтнасці пачынаючых педагогаў метадыст тэхнічнага аддзялення цэнтра правяла апошняе пасяджэнне “Школы пачынаючага педагога дадатковага адукацыі” па тэме “Электроннае партфоліа педагога дадатковага адукацыі”.
У кожнага педагога павінна быць “дасье поспехаў”, у якім адлюстроўваецца ўсё цікавае і годнае з яго жыцця. Гэтым дасье можа лічыцца партфоліа педагога дадатковай адукацыі. Яго прызначэнне –прадэманстраваць значныя вынікі практычнай дзейнасці для ацэнкі сваёй прафесійнай кампетэнтнасці. Партфоліа дазваляе педагогу прааналізаваць, абагульніць і сістэматызаваць вынікі сваёй дзейнасці, ацаніць свае магчымасці і спланаваць дзеянні па пераадоленні цяжкасцей і дасягненні больш высокіх вынікаў. Партфоліа педагога ствараецца таксама з мэтай грамадскай ацэнкі яго прафесійных дасягненняў.
На занятку “Школы пачынаючага педагога дадатковай адукацыі” маладыя спецыялісты пазнаёміліся з паняццем “партфоліа”, яго прызначэннем і відамі. Разгледзелі розныя варыянты структуры партфоліа ў залежнасці ад зместу дзейнасці педагога. У працэсе майстар-класа, які правяла педагог дадатковай адукацыі тэхнічнага аддзялення Жанна Рышкель, навучыліся працаваць у праграме MicrosftPowerPoint і стварылі сваё электроннае партфоліа. Фарміраванне электроннага партфоліа з’яўляецца творчай працай і стымулам далейшага прафесійнага развіцця.
Навучальны год падыходзіць да канца. Нашы маладыя калегі паспяхова праходзяць працэс адаптацыі, яны плануюць працягнуць працу ў наступным навучальным годзе. Актыўна і вынікова ўдзельнічаюць у метадычнай рабоце цэнтра: у правядзенні майстар-класаў, выступаюць на пасяджэннях раённых метадычных аб’яднанняў. Іх навучэнцы з’яўляюцца пераможцамі і прызёрамі конкурсаў рознага ўзроўню. Няма сумненняў, што партфоліа маладых спецыялістаў будуць папаўняцца ўсё новымі і новымі распрацоўкамі.
Таццяна ДОЎКША,
метадыст Ваўкавыскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі