Вулічная акцыя “З кніжкай на лаўцы” ў Маларыце  

- 10:46БРЕСТЧИНА, Регионы

Маларыцкі раённы ЦКРНіР разам з раённай дзіцячай бібліятэкай правялі вулічную акцыю “З кніжкай на лаўцы”.

У мерапрыемстве ўдзельнічалі вучні 5 “А” класа раённай гімназіі, маладыя людзі, якія наведваюць аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў і грамадзян пажылога ўзросту Маларыцкага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, а таксама выхаванцы раённага ЦКРНіР.

Вулічная акцыя праходзіла ў скверыку ля раённай бібліятэкі з мэтай прыцягнення ўвагі бацькоў да арганізацыі карыснага вольнага часу дзяцей, папулярызацыі друкаванай кнігі і знаёмства з новымі дзіцячымі выданнямі.

Праграма акцыі ўключала шмат цікавых мерапрыемстваў. Гімназісты раздавалі дарослым буклеты, дзе расказвалася пра інклюзію і раннюю псіхолага-педагагічную дапамогу, якую аказваюць спецыялісты Маларыцкага раённага ЦКРНіР. Вельмі цікава выступілі ўдзельнікі атрада валанцёраў раённай гімназіі і тэатра “Дзеці сонца” аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў і грамадзян пажылога ўзросту.

Бібліятэкары дзіцячай раённай бібліятэкі Таццяна Сацюк і Ала Карабейка падрыхтавалі выступленне “Казка на фланелеграфе” з інтэрактыўным прадстаўленнем, а прадстаўнікі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва правялі віктарыну “Падарожжа ў краіну любімых кніг”.

Шмат станоўчых эмоцый выклікаў майстар-клас кіраўніка фізічнага выхавання ясляў-сада № 4 Маларыты Вольгі Сымонік па мадэляванні фігур з паветраных шароў. Цудоўны настрой стваралі таксама выстава новых дзіцячых кніг, гульні з мыльнымі бурбалкамі, маляванне крэйдай на асфальце, спартыўныя гульні, аквагрым, фотазона…

– Мерапрыемства дапамагае адаптацыі дзяцей і маладых людзей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця да сацыяльных зносін, – адзначыла дырэктар Маларыцкага раённага ЦКРНіР Людміла Лукавец. – Акцыя – гэта яшчэ і напамін, што грамадству неабходна быць талерантным у адносінах да усіх людзей.

– Такія мерапрыемствы актывізуюць у чытачоў цікавасць да кнігі, фарміруюць у моладзі культуру чытання, развіваюць фантазію і творчыя здольнасці, – расказала загадчыца раённай дзіцячай бібліятэкі Таццяна Крысіна.

 

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце
Маларыцкай раённай гімназіі

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий