Дашкольнікі вывучалі азбуку дабрыні

- 12:48ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

У другой малодшай групе № 1 дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 1 Навагрудка быў праведзены дзень ветлівасці і дабрыні.

З дзецьмі быў праведзены цыкл гутарак “Падарожжа ў краіну чароўных ветлівых слоў”, “Калі добры ты”, “Добрыя і дрэнныя ўчынкі”, “Як правільна сябе весці”, занятак “Ветлівыя словы”, дыдактычныя гульні “Ацані ўчынак”, “Ветлівы – няветлівы”, “Умеем сябраваць”, трэнінг “Давайце пазнаёмімся”, эцюд “Свет мой, люстэрка, скажы”. Свае ўражанні дзеці адлюстравалі ў творчай дзейнасці “Дабрата”, “Добрым быць не проста”, тэатр на фланелеграфе “Маша ў краіне ветлівых слоў”.

Гуляючы, дзеці нават і не прымецілі, як да іх у госці завітала збянтэжанае медзведзяня Мёдзік. Высветлілася, што Мёдзік вельмі любіць мёд, таму вырашыў паласавацца ім без дазволу гаспадароў. У выніку чаго пчолы яго пакусалі, а няшчаснае медзведзяня прыйшло за дапамогай да дзяцей. Каб знайсці выйсце з гэтай сітуацыі, усе прыйшлі да высновы: трэба адпраўляцца ў краіну Ветлівасці і Дабрыні.

Падчас вандроўкі дзеці будавалі мосцік з ветлівых слоў, каб перайсці чароўную раку Выхаванасці. Апынуўшыся ў краіне Ветлівасці, дзеці гулялі ў гульню “Так – не!”, падчас якой прыгадвалі правілы культурных дзяцей. Далей, збіраючы кветку ветлівасці, выхаванцы замацавалі і пашырылі веды аб правілах ветлівасці што, безумоўна, садзейнічала выхаванню навыкаў культуры іх паводзін, развіццю навыкаў выкарыстання ў мове ветлівых слоў. Апошнім выпрабаваннем стала рашэнне праблемнай сітуацыі, дзе выхаванцы з дапамогай кейс-метада абмяркоўвалі і шукалі адзінае правільнае выйсце.

Вось так, падарожнічаючы, дзеці разам з госцем атрымалі першыя ўрокі дабрыні, зразумелі – дабро можна выхоўваць дабром, быць прыкладам сардэчнасці і чуласці, дапамагаць таму, хто ў гэтым адчувае патрэбу.

 

Іна МАКСІМОВІЧ,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 1 Навагрудка

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий