У Магілёўскім дзяржаўным універсітэце прайшоў конкурс будучых педагогаў  

- 9:46МОГИЛЕВЩИНА, Регионы

Лепшага будучага настаўніка вызначалі ў Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя А.А.Куляшова.

У галоўнай кузні педагагічных кадраў рэгіёна гэты конкурс стаў ужо традыцыйным. Асноўнай мэтай з’яўляецца стварэнне ўмоў для асобаснага прафесійнага росту будучых маладых спецыялістаў, выяўленне таленавітых студэнтаў, павышэнне прэстыжу прафесіі. Удзельнікамі становяцца студэнты-старшакурснікі і навучэнцы апошніх курсаў каледжаў універсітэта. Спаборніцтва – яшчэ і дэманстрацыя таго, чаму маладыя людзі навучыліся за гады вучобы, наколькі яны гатовыя да рэальнай педагагічнай дзейнасці.

Пераможца конкурсу — навучэнец Горацкага педагагічнага каледжа Віктар Мядзведзеў

Сёлетнія канкурсанты паказалі поўную гатоўнасць да працы ў школе. А між тым, заданні былі прадугледжаны няпростыя. Фактычна іспыты адпавядалі ўзроўню конкурсаў прафесійнага майстэрства вопытных педагогаў. Фіналісты мадэлявалі дзейнасць настаўніка падчас урока ў незнаёмым класе навучальных устаноў горада. А пасля ўжо на сцэне здзіўлялі творчымі здольнасцямі, адказвалі на каверзныя пытанні, рашалі складаныя педагагічныя сітуацыі, а таксама выступалі з візіткай-самапрадстаўленнем.

– Гэты конкурс вельмі знакавы. Усе ўдзельнікі спаборніцтва – своеасаблівы фундамент, будучыня сістэмы адукацыі Магілёўскай вобласці. Менавіта ім працягваць забеспячэнне якасці навучання і выхавання падрастаючага пакалення, – падкрэсліў першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Ігар Лашкевіч.

Дарэчы, усе канкурсанты паказалі неверагодную творчасць, бліскучае веданне педагогікі і псіхалогіі, значную эрудыцыю ў іншых сферах. Але мацней за астатніх уразіў журы і гледачоў навучэнец Горацкага педагагічнага каледжа Віктар Мядзведзеў, які і атрымаў ганаровае званне “Лепшага будучага настаўніка”. Што ж тычыцца іншых удзельнікаў, то і яны не засталіся без узнагарод. Усе фіналісты атрымалі дыпломы лаўрэатаў і памятныя прызы.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий