“Волаты мастацкага слова” – пад такім дэвізам у сярэдняй школе № 22 Гродна прайшлі мерапрыемствы, прысвечаныя 140-годдзю з дня нараджэння славутых паэтаў.
2022 год – юбілейны для нашай краіны. У далёкім 1882 годзе нарадзіліся адразу два выдатныя сыны Беларусі, волаты мастацкага слова – Янка Купала і Якуб Колас. Нягледзячы на стагоддзі, яны і сёння зоркі першай велічыні на небасхіле літаратурнай нівы. Іх творы, нібы чароўны ключ, якім можна адамкнуць шматпакутную гісторыю беларускага народа.
Падчас мерапрыемстваў вучні ў чарговы раз прайшліся сцежкамі-дарожкамі Купалы і Коласа, дакрануліся да залацінак і россыпаў іх твораў, адчулі асалоду роднага слова.
Прывабіла дзяцей выстава малюнкаў і ілюстрацый “Вялікія класікі вачыма юных мастакоў”: тут зацвіла папараць-кветка, ва ўсёй красе паўстаў дзядзька Антось, велічна ўзвышаліся непадкупны Гусляр, няскораны Сымон-Музыка, гордая Бандароўна.
Школьнікі сэрцам і розумам дакрануліся да бессмяротнай паэзіі народных песняроў, выказалі ім сваю павагу, абудзілі імкненне да чытання мастацкіх твораў.
Змястоўна і карысна прайшла экскурсія “Юбілярам прысвячаецца” ў школьную бібліятэку для вучняў 5–8-х класаў. Бібліятэкар нагадала асноўныя жыццёвыя і творчыя звесткі пра мастакоў слова, здзейсніла завочнае падарожжа ў Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы і Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа. Напрыканцы экскурсіі прайшла віктарына. Гэтае мерапрыемства выклікала ў вучняў пачуццё захаплення гістарычнымі асобамі, гордасць за народ, які даў сусветнай культуры такіх таленавітых геніяў.
Старшакласнікі з цікавасцю гарталі старонкі вуснага часопіса “Улюбёныя песняры роднай зямлі”. Гэта своеасаблівае падагульненне ведаў аб жыцці і творчасці народных паэтаў Беларусі: дзеці каменціравалі партрэтную галерэю “Па родных мясцінах”, псеўданімы песняроў, літаратурныя карты жыццёвых дарог пісьменнікаў, вызначалі вытокі фарміравання іх мастацкага таленту, удзельнічалі ў паэтычным міні-вернісажы. Такім чынам, вучні ўсвядомілі непарыўную злітнасць са сваёй Айчынай, павагу да яе слаўнага мінулага.
Спадабалася дзесяцікласнікам інтэлектуальная гульня-конкурс “Без Купалы і Коласа я Беларусь не ўяўляю…”. Гульня складалася з некалькіх прыпынкаў: абарона сваёй назвы і эмблемы, конкурс капітанаў на лепшага знаўцу біяграфій і творчасці класікаў, лепшая мультымедыйная прэзентацыя, дамашняе заданне (паказ інсцэніровак паводле твораў), конкурс на лепшага чытальніка. Зацікаўленыя вучні падрыхтавалі арыгінальныя каляровыя буклеты-закладкі, прысвечаныя слынным паэтам.
Янка Купала і Якуб Колас – дзве легендарныя постаці, якія залатымі літарамі ўпісаныя ў гісторыю нашай краіны. Яны ўславілі і ўвекавечылі Беларусь. Сучаснікі і будучыя пакаленні з глыбокай удзячнасцю будуць чытаць і перачытваць неўміручыя творы народных прарокаў. У іх шчырых, непадкупных радках б’ецца і будзе няспынна біцца жывое, гарачае, чыстае сэрца светлых людзей, адданых сваёй зямлі.
Валянціна ЯТКОЎСКАЯ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
сярэдняй школы № 22 Гродна