Пазнаёміцца з гісторыяй узнікнення і развіцця пісьменнасці і кнігадрукавання ў Беларусі, убачыць выявы старадаўніх рукапісаў, старадрукаваныя і рэдкія кнігі, якія сталі сусветнай спадчынай, можна было на гэтым тыдні ў сярэдняй школе № 1 Шклова. Тут прайшлі святочныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да Дня славянскай пісьменнасці і культуры.
З нагоды свята для вучняў 5–9-х класаў была арганізавана прэзентацыя “Дзень славянскай пісьменнасці і культуры”, падчас якой дзеці пазнаёміліся з цікавай інфармацыяй пра жыццё і дзейнасць святых. Актыўна ўдзельнічалі вучні ў віктарыне “Вытокі роднага слова”, падчас якой праверылі свае веды на валоданне звесткамі з гісторыі краіны, мовы і культуры народа.
Яшчэ большую ўрачыстасць святу надавалі паспяховыя вынікі ўдзелу вучняў 5–11-х класаў у рэспубліканскім літаратурным конкурсе “Святло Праваслаўя – 2022”, у якім нашы навучэнцы атрымалі 13 дыпломаў і адзін пахвальны водгук! Так, адзінаццацікласнік Іван Грыбачоў атрымаў два дыпломы I ступені і адзін дыплом II ступені. Сярод пераможцаў – Глеб Бадэлька, Іван Грыбачоў, Крысціна Грахольская, Дзяніс Афанасенка, Сняжана Драздова, Яўгенія Спіцына, Аліна Каваленка, Таццяна Шуцікава, Таццяна Ленчыкава, Карына Рабцава, Улада Яфрэменка, Мацвей Захарчанка, пахвальны ліст атрымала Марыяна Мільто.
Паспяхова прадставілі сябе і вучні 9–11-х класаў, якія ўдзельнічалі ў VIII Рэспубліканскіх Тураўскіх чытаннях – 2022, прысвечаных памяці свяціцеля Кірылы Тураўскага. Па выніках конкурсу пераможцамі сталі Іван Грыбачоў і Ян Палікарпаў.
Неабходна адзначыць, што непасрэдны ўдзел у свяце прынялі ганаровыя гасці. Напрыклад, з аповеду настаяцеля Спаса-Прэабражэнскай царквы Шклова іерэя Дзмітрыя прысутныя даведаліся, якім чынам сёння адзначаецца свята і ўшаноўваецца памяць пра святых Кірыла і Мяфодзія.
Пытанні пра духоўныя і маральныя якасці ў жыцці кожнага чалавека, пра духоўнае выхаванне моладзі, сумесную работу, якую праводзіць школа і царква ў гэтым кірунку акрэсліла дырэктар сярэдняй школы № 1 Шклова Вольга Дрозд.
Урачыстае ўзнагароджанне пераможцаў рэспубліканскіх конкурсаў “Святло Праваслаўя – 2022” і “Тураўскія чытанні – 2022” у рамках святочных мерапрыемстваў з нагоды памяці Кірыла Тураўскага правялі загадчык Шклоўскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета Вольга Іваненка і настаяцель Спаса-Прэабражэнскай царквы Шклова іерэй Дзмітрый.
Усе прысутныя атрымалі асалоду ад створанай атмасферы духоўнасці, дабрыні і спагады.
Крысціна КАВАЛЕВА,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
сярэдняй школы № 1 Шклова