На базе рэсурснага цэнтра “Выкарыстанне рэгіянальных традыцый і абрадаў у пазаўрочнай дзейнасці”, які дзейнічае ў Стытычаўскай сярэдняй школе Пінскага раёна, адбылося пасяджэнне на тэму “Выкарыстанне краязнаўчага матэрыялу ў арганізацыі адукацыйнага працэсу як сродак фарміравання клапатлівага стаўлення да духоўнай, матэрыяльнай і прыроднай спадчыны”.
Адной з задач рэсурснага цэнтра з’яўляецца фарміраванне нацыянальнай самасвядомасці моладзі з апорай на багаты вопыт пакаленняў і культурную спадчыну малой радзімы.
Удзельнікамі пасяджэння сталі старшыня Плешчыцкага сельвыканкама В.В.Мядзведзь і работнікі Стытычаўскага сельскага Дома культуры.
Краязнаўства немагчыма без падарожжаў, таму пасяджэнне прайшло ў форме вандроўкі. Удзельнікаў мерапрыемства каля стытычаўскай капліцы чакалі вучні, якія расказалі пра гісторыю ўзнікнення вёскі, быліну і паданні, звязаныя з гісторыяй паходжання яе назвы. В.В.Мядзведзь дапоўніла аповед звесткамі пра развіццё вёскі на сучасным этапе.
Каля ракі Ступа вучні расказалі пра гісторыю ўзнікнення ракі і яе назву. Педагогі даведаліся таксама пра гісторыю вёскі Месткавічы і мясцовага Свята-Троіцкага храма.
Апошнім пунктам вандроўкі было наведванне дэндрапарку Жытнавіцкага лясніцтва, адзінага на Піншчыне. Пра яго гісторыю і перспектывы развіцця расказаў ляснічы Анатоль Кузьміч.
Педагогі ўпэўнены, што краязнаўства абуджае цікавасць і выхоўвае павагу да роднай зямлі. Дзякуючы краязнаўству вучні глыбей разумеюць, што гісторыя – гэта гісторыя людзей, карані чалавека – у гісторыі і традыцыях сям’і, народа, у мінулым роднага краю.
Сродкамі краязнаўства фарміруецца зацікаўленасць гісторыяй малой радзімы, землякоў, звычаямі і традыцыямі папярэднікаў, грамадзянска-патрыятычныя і духоўна-маральныя якасці моладзі. Роля настаўніка – у тым, каб накіраваць дзейнасць вучняў на правільны шлях.
Святлана КАХНОВІЧ,
метадыст Пінскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета