У другой малодшай групе № 1 дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 1 Навагрудка праведзены дзень “Дружба пачынаецца з усмешкі”.
Мэтай правядзення тэматычнага дня стала фарміраванне ў дзяцей уяўленняў пра дружбу, сяброў, выхаванне добразычлівых адносін адно да аднаго, умення быць стрыманым, працаваць у калектыве. Для вырашэння гэтых задач у групе было створана адпаведнае эмацыянальна-развіваючае асяроддзе. У групе сабрана многа дыдактычных гульняў на згуртаванне дзіцячага калектыву: “Жыццё ў лесе”, “Агульнае кола”, “Гутарка праз шкло”, “Складаныя фігуры” і інш. Сабрана картатэка “Мірылак”, пальчыкавых гульняў, паштовак, фотаздымкаў пра дружбу. Вялікая ўвага нададзена падбору твораў мастацкай літаратуры.
Мы правялі з дзецьмі гутаркі “Жывем дружна”, “Умей даражыць сябрамі”, “Што такое дружба”, прачыталі апавяданні К.Д.Ушынскага “Разам цесна, а паасобку сумна”, верш У.Маякоўскага “Што такое дрэнна і што такое добра?”, апавяданне С.Грым “Спрэчка ні аб чым”, развучылі лічылку “Пра дружбу”. Быў арганізаваны паказ тэатралізаванай гульні “Рэпка”, дзе дзеці вучыліся разумець значнасць дружнай і згуртаванай працы. Быў праведзены занятак-падарожжа “Дружба пачынаецца з усмешкі”.
У госці да дашкольнікаў завіталі Паветраныя Шарыкі, якія запрасілі выхаванцаў у цікавую вандроўку на востраў Дружбы, дзе дзецям патрэбна было ўспомніць, што такое дружба, каго можна называць сябрам, якім павінен быць сябар. Пра гэта рабяты даведаліся падчас гульні “Якія мы сябры”. Затым яны намалявалі кветку сябру, склалі правілы дружбы, якімі будуць карыстацца ў сумеснай дзейнасці з аднагодкамі, а таксама пабывалі ў дзіўным куточку “Мірылак”. Там дзеці замацавалі ўменне мірыцца, падбіраць правільныя словы, міміку, жэсты, аналізаваць свае ўчынкі і ўчынкі сяброў, уменне іх аргументаваць. А самае галоўнае, зразумелі, што дружбу патрэбна аберагаць і цаніць.
Дружба – гэта свет, поўны фарбаў і сакрэтаў – радасных, вясёлых, якія дапамагаюць будаваць узаемаадносіны, узаемаразуменне і ўменне сябраваць з другімі дзецьмі.
Іна МАКСІМОВІЧ,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 1 Навагрудка