Медыцынская практыка нягневіцкіх дзесяцікласніц

- 14:18ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

Па заканчэнні навучальнага года з вучаніцамі 10-га класа праводзіцца абавязковая пяцідзённая медыцынская практыка, якая ўключае 30 вучэбных гадзін. У Нягневіцкай сярэдняй школе Навагрудскага раёна стала традыцыяй пачынаць медыцынскую практыку з наведвання Нягневіцкай бальніцы сястрынскага догляду і правядзення дня адчыненых дзвярэй для дзесяцікласніц.

Новы прадмет – “Медыцынская падрыхтоўка” – ужо з першых тэм вучэбнага плана зацікавіў і захапіў вучаніц дзясятага класа. І гэта зразумела, таму што вучэбныя заняткі дапамаглі сфарміраваць кампетэнцыі, якія дазваляюць аказаць першую дапамогу пры станах, пагражаючых жыццю, прапагандаваць здаровы лад жыцця, адмову ад шкодных звычак, фарміраваць матывацыю да захавання здароўя.

У Нягневіцкай бальніцы сястрынскага догляду нас сустракае старшая медсястра Зоя Лазарэвіч. Зоя Мікалаеўна пачынае размову з дзяўчынкамі з пытання: “Хто-небудзь з вас плануе звязаць свой лёс з медыцынай?” Пачуўшы станоўчыя адказы, старшая медсястра гаворыць пра адказнасць і нават самаахвярнасць прафесіі медыка. Далей размова ідзе пра паслядоўнасць выканання мерапрыемстваў аказання першай дапамогі пры спыненні дыхання і сэрца, пра віды ран і крывацёкаў, пра асноўныя прыметах пры ўкусах чалавека насякомымі і жывёламі. Асаблівую ўвагу Зоя Мікалаеўна надае павышэнню якасці медыка-гігіенічнага выхавання.

Практычная частка заняткаў на базе бальніцы сястрынскага догляду пачынаецца з працэдуры апранання касцюма медыцынскай сястры. Зоя Лазарэвіч сочыць за паслядоўнасцю дзеянняў дзяўчат, дапамагае апрануцца Марце Шасцель і гаворыць, што толькі так можна захаваць стэрыльнасць і чысціню. Далей дзесяцікласніцы на практыцы адпрацоўваюць атрыманыя на ўроках уменні набіраць лякарства ў шпрыц, накладаць жгут і рабіць забор крыві з вены. Хвалюецца “доктар” Марта, а “пацыент” Ліза Шуляк упэўнена ў ведах сваёй аднакласніцы і спакойна сочыць за яе дзеяннямі. Практычнае заданне выканана без памылак, і старшая медсястра задаволена дзяўчынкамі.

Зоя Мікалаеўна імкнецца данесці да вучаніц ролю вучэбнага прадмета “Медыцынская падрыхтоўка”, сваім уласным прыкладам выхоўвае міласэрнасць і гуманнасць як асноўныя якасці медыцынскага работніка.

Дзяўчаты адзначаюць, што вывучэнне тэм на ўроках, практычныя заняткі, прагляд відэаматэрыялаў, выкананне тэставых работ матывавала іх на працягу навучальнага года да адказнага кроку – выбару прафесіі. Магчыма, не ўсе пасля заканчэння школы выберуць медыцынскія ўстановы адукацыі, аднак атрыманыя веды спатрэбяцца на працягу ўсяго жыцця.

Марына СЯВЕЦ,
настаўнік Нягневіцкай сярэдняй школы
Навагрудскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий