У рамках інтэрнэт-праекта “Да суседзяў” (намінацыя “Вытворчы турызм”) навучэнцы 6 “В” класа сярэдняй школы № 7 Смаргоні ў пачатку летніх канікул наведалі ў аграгарадку Жодзішкі ўнікальны аб’ект – самы стары вадзяны млын у Беларусі, пабудаваны ў 1781 годзе.
Хлопчыкі і дзяўчынкі даведаліся шмат цікавага пра віды збожжа і працэс вытворчасці хлеба. Шасцікласнікі ўбачылі хатнія жорны, малатарню, з дапамогай якой абмалочвалі снапы. Пазнаёміліся вучні і з працэсам кручэння ад вады драўлянага кола дыяметрам чатыры метры. Для дзяўчынак была пазнавальнай экспазіцыя, прысвечаная ткацтву. Больш за ўсё школьнікаў здзівіла тое, што ўсе экспанаты музея знаходзяцца ў спраўным стане і што можна самастойна паспрабаваць змалоць збожжа на муку.
У фінальнай частцы падарожжа экскурсавод пазнаёміў шасцікласнікаў з побытам беларускіх сялян XIX–XX ст. Дзеці больш даведаліся пра традыцыйную кухню беларусаў, пра іх побыт, догляд за гаспадаркай, а таксама пра розныя рамесныя спецыяльнасці (ганчарную, сталярную, цяслярскую справу, пляценне, суднабудаванне).
Наведванне музея вадзянога млына XVIII стагоддзя ў аграгарадку Жодзішкі нікога не пакінула абыякавым. Дадому хлопчыкі і дзяўчынкі вярнуліся з незабыўнымі ўражаннямі, бо яны і ўявіць сабе не маглі, што жылі недалёка ад дзеючага млына і што гэта адна з унікальных славутасцей Смаргоншчыны.
Юлія БЕЛАКАПЫТАВА,
класны кіраўнік 6 “В” класа
сярэдняй школы № 7 Смаргоні