Квест-гульню па правілах дарожнага руху правялі педагогі ясляў-сада вёскі Беняконі

- 9:08ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

У яслях-садзе вёскі Беняконі Воранаўскага раёна прайшла квест-гульня па правілах дарожнага руху “Шлях па карце ты знайдзі і кураняткам дапамажы”.

Квест-гульня – сучасная адукацыйная тэхналогія, якая стварае спрыяльныя ўмовы для актывізацыі ў дзяцей цікавасці да пазнавальнай дзейнасці. Акрамя таго, фармат гульні абуджае ў выхаванцаў камандны дух, дзеці вучацца прымаць неардынарныя рашэнні, а таксама ўзаемадзейнічаць з другімі дзецьмі.

Дзецям прыйшла тэлеграма з Сонечнага горада, дзе ў куранятак здарылася бяда – знік вельмі важны дарожны знак. Без яго на вуліцах горада пачаліся аварыі. Дзеці вырашылі дапамагчы кураняткам знайсці гэты знак і адправіліся на пошукі. У пісьме была карта з нанесенымі рознакаляровымі стрэлкамі. Па размяшчэнні стрэлак вызначалі маршрут руху. Па стрэлках дзеці павінны былі пераходзіць ад станцыі да станцыі, выконваць заданні і атрымліваць пазлы. Як толькі збяруць усе часткі пазлаў, даведаюцца, які знак знік у Сонечным горадзе.

Перад тым, як пачаць перасоўвацца па карце, дзеці выканалі размінку ў выглядзе гульні “Дазваляецца – забараняецца”, пасля чаго прыступілі да пошукаў. Гледзячы на карту, яны пайшлі па першым маршруце, адзначаным чырвонымі стрэлачкамі да станцыі “Дарожныя знакі”. Слухалі вершы, разглядалі і называлі дарожныя знакі, а справіўшыся з заданнем, атрымалі першы кавалачак пазла. Зялёныя стрэлачкі прывялі да другой станцыі – эстафета “Уважлівы кіроўца”. Перад выхаванцамі была звілістая дарога, якую неабходна “праехаць” паміж перашкодамі, не закрануўшы іх, вярнуцца назад і перадаць эстафету (руль) наступнаму ўдзельніку. Такім чынам яны здабылі другі пазл.

Да наступнай станцыі – “Зебра” – выхаванцаў прывялі жоўтыя стрэлачкі. Дзеці адгадвалі загадку пра знак пешаходнага пераходу, апісвалі і выкладалі яго на зямлі з чорных і белых палосак, за што атрымалі трэці пазл знікнуўшага знака.

Шлях да чацвёртай станцыі ўказвалі сінія стрэлачкі. Прайшоўшы па іх, дзеці трапілі ў Сонечны горад, дзе іх чакалі кураняткі. Заданнем на апошняй станцыі было дапамагчы перайсці кураняткам на другі бок вуліцы, бо ім перашкаджаў кракадзіл.

Здабыўшы ўсе часткі пазла і склаўшы яго, дзеці атрымалі знак пешаходнага пераходу. За аказаную дапамогу кураняткі дзякавалі выхаванцам.

Навучанне ў фармаце гульні – гэта выдатная магчымасць для педагогаў творча, цікава і займальна арганізаваць жыццё сваіх выхаванцаў у дзіцячым садзе і з лёгкасцю рэалізаваць пастаўленыя мэты і задачы. Такім чынам, мы ствараем аптымальныя ўмовы для развіцця кожнага дзіцяці. Падкрэсліваем дзіцячую індывідуальнасць, фарміруем у дзяцей уменне ажыццяўляць уласны выбар, вырашаць праблемы, ставіць мэты і дасягаць іх.

 

Юлія УЛАНОЎСКАЯ,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
ясляў-сада вёскі Беняконі
Воранаўскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий