Гімназісты сустрэліся з прадстаўніком Навагрудскага РАУС  

- 10:24ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

Выхаванцы летняга лагера “Следапыты” навагрудскай гімназіі № 1 пазнаёміліся з работай міліцыі. Яны сустрэліся з прадстаўніком Навагрудскага РАУС І.А.Шляхціцавым.

Гімназісты былі зацікаўлены асаблівасцямі службы ў міліцыі. Хлопцам і дзяўчатам хацелася пачуць падрабязную інфармацыю пра работу службаў і падраздзяленняў органаў унутраных спраў, пазнаёміцца са зброяй, спецыяльнымі сродкамі і абсталяваннем, якімі супрацоўнікі міліцыі карыстаюцца ў іх складанай службе. Іх жаданне здзейснілася. Для дзяцей ахоўнікі арганізавалі паказальныя выступленні і прадэманстравалі экіпіроўку і аснашчэнне службовага аўтамабіля.На пляцоўцы гімназіі было весела і шматлюдна. Атрымаўшы запрашэнне ўявіць сябе на хвілінку праваахоўнікамі, хлопцы і дзяўчаты з задавальненнем прымяралі на сябе бронежылет і каску, разглядалі табельную зброю. Не было адбою ад жадаючых сфатаграфавацца з аўтаматам. А самыя смелыя не ўпусцілі магчымасці пасядзець за рулём аўтамабіля з мігалкамі і падаць гукавы сігнал сірэнай.

У сваю чаргу супрацоўнік РАУС нагадаў вучням, што яны як грамадзяне Рэспублікі Беларусь маюць не толькі правы, але і абавязкі, а за здзяйсненне незаконных дзеянняў прадугледжана крымінальная і адміністрацыйная адказнасць, устаноўленая законам. Ігар Анатольевіч распавёў пра “тыповыя” злачынствы сярод непаўналетніх, пра іх наступствы і адказнасць. Дзеці далучыліся да размовы, прывялі прыклады са свайго жыцця і разам паспрабавалі ацаніць дзеянні ўдзельнікаў.

Сустрэча дазволіла не толькі наглядна прадэманстраваць школьнікам спецыфіку работы вартавых правапарадку, але і ўстанавіць блізкі кантакт, убачыць у чалавеку ў форме абаронцу сваіх правоў і законных інтарэсаў.Так сонечны і цёплы чэрвень прадоўжыў адлік сяброўскім зборам і прыемным уражанням у лагеры “Следапыты”.

 

Вольга МАЛЯЎКА,
намеснік дырэктара летняга лагера “Следапыты” гімназіі № 1 Навагрудка

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий