У зааландшафтны парк “Дзіпрыз”, што недалёка ад Баранавіч, у чарговы раз завіталі ў час летніх канікул вучні нягневіцкай школы.
Гэты парк насамрэч з’яўляецца энергетычным донарам. Бясспрэчнымі рэкардсменамі па ступені магутнасці энергетыкі і здольнасці дзяліцца ёю з людзьмі з’яўляюцца дрэвы. А жывёлы не толькі даюць нам станоўчыя эмоцыі, але і павышаюць настрой.
“Ранча Эму”, “Валійскія прыгажуні”, “Жыхары зямной стыхіі”, “Лазня Лясуна”, “Начны свет” і шмат іншых лакацый для агляду чакала нас тут. Яноты з уласным возерам, даўганогі патагонскі заяц, малпачкі розных відаў, птушкі, зубры, страусы, альпакі, скунсы, пугачы ў сваіх зонах падарылі нам неймаверную колькасць эмоцый. Тут знаходзяцца ўсе віды дрэваў, якія растуць у Беларусі, узвышаецца казачны замак і працякае Венецыянскі канал, на якім можна пакатацца на катамаранах.
На ўваходзе ў другі парк нас сустрэў гасцінны страус эму, патрабуючы за сваю ветлівасць ласункі, якія яму прыгатавалі дзеці-наведвальнікі. Затым падбеглі дапытлівыя авечкі, дарэчы вельмі прыгожыя і добра выхаваныя. Выдры выйшлі з вадаёму, каб узяць нашы пачастункі. Здаецца, кожная істота ў парку была нам родная.
Уся тэрыторыя парку – казачная краіна з драўлянымі пабудовамі, скульптурамі і іншымі ўпрыгожаннямі. Гэта проста сапраўдны музей драўлянага дойлідства. Вы не знойдзеце тут ніводнай аднолькавай лавачкі ці альтанкі. Кожная – непаўторная, і на кожную лавачку хочацца прысесці і ў кожную альтанку хочацца зазірнуць, каб убачыць чарговае адрозненне ад папярэдняй. Усё хочацца разглядваць, фатаграфаваць, усім хочацца дзівіцца.
Вельмі прыемна, што такі цудоўны праект рэалізаваўся ў нас, у Беларусі. Вялікі рэспект тым людзям, якія робяць такія маштабныя справы, дазваляючы жыхарам нашай краіны атрымоўваць пазітыўныя эмоцыі ды і проста адпачываць на прыродзе.
Юлія ЕМЕЛЬЯНОВІЧ,
класны кіраўнік 5-га класа
Нягневіцкай сярэдняй школы Навагрудскага раёна