Выпускнікі ЦКРНіР Зэльвы на парозе самастойнага жыцця  

- 16:21ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

У цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Зэльвы прайшло радаснае і ў той жа час сумнае свята – выпускны.

Радаснае, таму што нядаўнія першакласнікі сталі дарослымі, сумнае, таму што за дзесяць гадоў выхаванцы цэнтра, бацькі, педагогі і выхавальнікі сталі вялікай і дружнай сям’ёй, але прыйшла пара развітацца.

Выпускны – гэта свайго роду справаздача аб праведзенай шматгадовай працы. Менавіта ў гэты ўрачысты дзень выпускнікі дэманстравалі свае поспехі, да якіх ішлі пад чулым кіраўніцтвам бацькоў і педагогаў. У цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі дзеці навучыліся чытаць, пісаць, лічыць і рашаць задачы. Разам з настаўнікам здзяйснялі адкрыцці, атрымлівалі новыя веды, спазнавалі свет, а таксама вучыліся сябраваць, разумець і дараваць адно аднаму.

Павіншаваць выпускнікоў з заканчэннем навучання прыйшлі бацькі і сябры. Для ўсіх прысутных педагогі арганізавалі святочную праграму. У рамках урачыстай часткі мерапрыемства дырэктар Марыя Жамойціна ўручыла выпускнікам цэнтра пасведчанні аб спецыяльнай адукацыі, а намеснік дырэктара Таццянна Доста – падзячныя лісты бацькам выпускнікоў, без якіх немагчыма было б дасягнуць высокіх вынікаў. Павіншавала дзяцей з важнай падзеяй і ўручыла ім памятныя падарункі Вольга Дзмітрыева, старшыня Зэльвенскай раённай арганізацыі “Беларускі фонд міру”.

У зале панавала святочная атмасфера: выпускнікі чыталі вершы, спявалі песні, дзякавалі ўсім работнікам цэнтра, развітваючыся са сваёй школай і настаўнікам – Марынай Жамойцінай, якая з першага класа была побач.

Завяршыўся выпускны чаяпіццем з салодкімі прысмакамі.

 

Марына ЖАМОЙЦІНА,
настаўнік цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Зэльвы

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий