Цудоўным падарункам для выхаванцаў дзіцячага аздараўленчага лагера “Сцежкамі роднага краю” Любчанскай школы Навагрудскага раёна стала сустрэча з мясцовай майстрыхай па вырабе лялек-мотанак Інай Горбач, жыхаркай пасёлка Любча.
Дзеці пачулі цікавую гісторыю з’яўлення беларускіх нацыянальных лялек-мотанак, альбо вузельчыкавых лялек, якія здаўна з’яўляюцца старажытным сакральным абярэгам славянскіх народаў. Майстрыха таксама пазнаёміла дзяцей з тэхналогіяй вырабу лялек-мотанак, папярэдне загатаваўшы тканіну і розныя высушаныя травы.
У час правядзення майстар-класа выхаванцы зразумелі паходжанне назвы “мотанка”: тэхналогія вырабу цацкі прадугледжвае матанне тканіны без выкарыстання швейных прыналежнасцей. Затым выхаванцы лагера з вялікай ахвотай запаўнялі лялькі-мотанкі сушанай мятай, зверабоем, чабаром, рамонкам і іншымі лекавымі травамі, аздаблялі цацкі рознакаляровымі стужкамі і кветкамі. Вырабленыя сваімі рукамі старадаўнія славянскія абярэгі сталі цудоўным падарункам для выхаванцаў дзіцячага аздараўленчага лагера.
Таццяна БОРЫС,
намеснік дырэктара ДАЛ “Сцежкамі роднага краю”
Любчанскай сярэдняй школы Навагрудскага раёна