На адной хвалі

- 12:23Персона

Першы год працуе ў негарэльскай сярэдняй школе № 1 настаўніца біялогіі Аліна Капліч. 

Дзяўчына яшчэ ў школьныя гады зразумела, што сваё далейшае жыццё хоча звязаць з настаўніцтвам. А як жа інакш? Тры родныя цёткі — педагогі. А паколькі з усіх прадметаў больш падабаліся біялогія і хімія, то Аліна паступіла ў Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя І.Шамякіна па спецыяльнасці “Біялогія. Навукова-педагагічная дзейнасць”.

 

Па размеркаванні маладая настаўніца прыехала ў Дзяржынскі раён. “Я сама выбрала сельскую мясцовасць, — расказвае Аліна Аляксандраўна. —  Мне здавалася, што на сяле будзе прасцей унікнуць у работу, набрацца вопыту. Ды ў горадзе і дзеці з завышанымі патрабаваннямі. Безумоўна, хваляванне перад выхадам на работу прысутнічала: самастойнае жыццё, новы пасёлак, іншыя людзі… Але пасля знаёмства з калектывам я супакоілася. Тут мяне прынялі добразычліва. Калектыў цудоўны. І ў зносінах, і ў рабоце ніякіх пытанняў і праблемных сітуацый не ўзнікала. На работу іду з задавальненнем і ў правільнасці выбару прафесіі ні разу не засумнявалася”.

Дзеці з першага дня палюбілі маладога педагога: настаўніца імкнецца захапіць іх прадметам, прычым зацікавіць настолькі, каб жаданне навучэнцаў авалод­ваць ведамі, наведваць школу, займацца карыснымі справамі толькі ўзмац­нялася. 

Аліна Аляксандраўна выкладае біялогію ў вучняў з 6 па 9 клас. Кантакт з выхаванцамі наладзіла лёгка, бо яны вельмі таварыскія, спагадлівыя, дапытлівыя, імкнуцца ва ўсім сябе праявіць. Зараз педагог з вучнямі на адной хвалі. “Работа з дзецьмі вельмі падабаецца, — заўважае Аліна Капліч. — У працэсе зносін захапляюся іх мабільнасцю, крэатыўнасцю. Мае вучні распаўсюджваюць вакол сябе столькі пазітыўнай энергетыкі! Прафесія настаўніка дае магчымасць развівацца творча і духоўна. Упартасць, мэтанакіраванасць, здольнасць да самаўдасканалення — абавязковыя якасці, да валодання якімі павінен імкнуцца педагог”.

Прынцыпамі работы маладога педагога сталі індывідуальны падыход да кожнага дзіцяці, імкненне раскрыць яго таленты і выклікаць у ім жаданне да самаразвіцця, самаўдасканалення. “Знайсці агульную мову з кожным вучнем і не падаўляць ініцыятыву, — такая асноўная мэта ўзаемаадносін з дзецьмі. Я стараюся дасягнуць той тонкай мяжы ўзаемаразумення, пры якой дзеці бачаць у педагогу не толькі настаўніка, але і сябра, пры гэтым не страчваючы да яго павагі як да старэйшага”, — пад­крэслівае педагог.

На ўроках настаўніца ву­чыць дзяцей крытычна ставіцца да ўласных думак і думак іншых, імкнецца ўносіць разнастайнасць у вучэбны працэс праз прымяненне метадаў і прыёмаў розных педагагічных тэхналогій, такіх як праблемнае навучанне, тэхналогія развіцця крытычнага мыслення, групавыя метады, даследчая дзейнасць. Шырока выкарыстоўвае нагляднасць, эксперымент. А ў выпадку ўзнікнення пытанняў педагог звяртаецца да адміністрацыі і сваіх вопытных калег, у прыватнасці, да настаўніка хіміі і біялогіі Часлава Антонавіча Сабалеўскага. 

Як прыгадвае педагог, першапачаткова былі цяжкасці з дысцыплінай, з ацэньваннем выхаванцаў, са складаннем рознаўзроўневых заданняў, з уменнем трымаць у полі зроку ўсіх вучняў. “Дзецям, якія ўсё схопліваюць на ляту, варта прапанаваць больш складаны дадатковы матэрыял, а тым, каму неабходны час, — некалькі разоў паўтарыць, патлумачыць, каб было ўсё зразумела”, — гаворыць настаўніца.

Актыўны ўдзел прымае Аліна Капліч і ў інавацыйнай рабоце — сёлета ў школе завяршылася рэалізацыя праекта “Апрабацыя мадэлі развіцця прадпрымальнасці як сродак прафарыентацыі і сацыялізацыі навучэнцаў ІІ і ІІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі”. З 2015 года на базе ўстановы  працуе бізнес-кампанія, якая два гады запар прызнана лепшай на Міншчыне. Навучэнцы вырошчваюць туі, кветкавую расаду, саджанцы пладовых кустарнікаў. Частка прадукцыі ідзе на добраўпарадкаванне прышкольнай тэрыторыі, а астатняе рэалізуецца на кірмашах. І тут веды маладой настаўніцы былі вельмі дарэчы.

У планах Аліны Аляксандраўны — сур’ёзна заняцца з вучнямі навукова-даследчай дзейнасцю і прыняць удзел у конкурсах даследчых работ.

 

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий