Ужо не першы год вучні Уселюбскага дзіцячага сада – сярэдняй школы Навагрудскага раёна прымаюць удзел у рэалізацыі праекта часовай працоўнай занятасці вучнёўскай моладзі. Для падлеткаў гэта выдатны спосаб далучыцца да грамадска-карыснай працы.
У гэтым годзе другаснай працоўнай занятасцю ахоплена шэсць юнакоў і дзяўчат. Уся працоўная дзейнасць строга рэгламентуецца. З кожным падлеткам заключаны працоўны дагавор, згодна з якім яны атрымаюць заработную плату. Такім чынам, ёсць стымул працаваць, і многія пачынаюць рэальна ўсведамляць цану кожнага заробленага асабістай працай рубля. Яны атрымалі свой першы працоўны дакумент – працоўную кніжку.
Юнакі з задавальненнем займаюцца добраўпарадкаваннем прышкольнай тэрыторыі: чысцяць бардзюры і дарожкі, збіраюць скошаную траву з газонаў, клапоцяцца пра кветнікі з мнагалетнімі раслінамі, займаюцца праполкай і палівам градак, кветнікаў. Наперадзе яшчэ падрыхтоўка школьных памяшканняў да пачатку новага навучальнага года, перасадка вазонаў, абрэзка кустоў, ачыстка агароджы на тэрыторыі школы. Пры гэтым строга выконваюцца патрабаванні аховы працы.
Вучні працуюць з жаданнем. Тут яны атрымліваюць працоўныя навыкі, якія спатрэбяцца ў будучыні, прыносяць карысць грамадству, вучацца разам несці адказнасць за атрыманы вынік.
Ірына РАДЗЮК,
кіраўнік арганізацыі часовай занятасці вучнёўскай моладзі
Уселюбскага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Навагрудскага раёна