Вывучалі гісторыю нацкага краю

- 9:38ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

“Востраў малой радзімы” – так называўся чарговы дзень аздараўленчага лагера “Пчолкі” Нацкіх ясляў-сада – сярэдняй школы Воранаўскага раёна. У гэты дзень усе мерапрыемствы былі прысвечаны вывучэнню і захаванню спадчыны роднага краю.

Хлопчыкі і дзяўчынкі наведалі школьны музей і яшчэ раз праз інтэрактыўную гульню ўспомнілі знакамітых землякоў, імёны якіх вядомыя не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі, расказвалі цікавыя факты з жыцця Т.Нарбута і яго сына Станіслава, браслаўскага лекара, даведаліся, хто пахаваны ў сямейнай капліцы роду Шукевічаў.

Затым была праведзена віктарына “Успомнім іх пайменна”, у ходзе якой вучні замацавалі веды пра ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, якія пражывалі ў мікрараёне школы. Самыя актыўныя задавалі пытанні, цікавіліся асобнымі экспанатамі, прымяралі ваенныя каскі, рабілі сэлфі на фоне музейных экспазіцый.

Пасля невялікага перапынку хлопчыкі і дзяўчынкі з цікавасцю паглядзелі відэафільм “Дыханне Начы”, зняты выпускнікамі школы А.Янкоўскім і В.Урублеўскім пры падтрымцы настаўніка гісторыі А.Ч.Куеля. Фільм распавядае пра гісторыю Начы, школы, мясцовага касцёла, помніка архітэктуры ХІХ стагоддзя, іншых гістарычных, археалагічных і архітэктурных помнікаў, надаецца ўвага нацкім краявідам, народным умельцам.

Пасля абеду і адпачынку адбыўся конкурс малюнкаў “Сэрцу мілы вугалок”. Дзеці малявалі школу, любімае дрэва, сцяжынку дадому, помнік землякам, якія загінулі ў гады вайны, возера з чародкаю дзікіх качак, лясную палянку…

 

Ірына УРУБЛЕЎСКАЯ,
класны
кіраўнік 6-га класа,
Нацкіх ясляў-сада – сярэдняй школы Воранаўскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий