Выхаванцы Асінаўшчызненскага ясляў-сада – пачатковай школы Смаргонскага раёна наведалі УВП “Смаргонскі камбінат хлебапрадуктаў”. Прадпрыемства спецыялізуецца на выпуску мукамольна-крупяной, камбікормавай і алейнатлушчавай прадукцыі.
Галоўны інжынер прадпрыемства расказаў гісторыю ўзнікнення і развіцця прадпрыемства. Дзеці даведаліся, што сёння тэрыторыя завода складае 16,8 га, а ў камбікормавым цэху за суткі выпускаецца каля 400 т камбікорму для ўсіх відаў жывёл, птушак і сажалкавых рыб.
Хлопчыкі і дзяўчынкі пабачылі склады для захоўвання зерня і гатовай прадукцыі, элеватар для сушкі і перапрацоўкі зерня, крупяны цэх, дзе вырабляюць аўсяную крупу і шматкі, якія не патрабуюць варкі. Цэх па перапрацоўцы масласямян рапса нагадаў іншапланетны карабель. Вось тут усёй групе пашанцавала пабачыць вытворчасць рапсавага масла, убачыць яго і панюхаць. А пахне яно мёдам!
Дзецям пашанцавала трапіць і на дэгустацыю кашы. Усе не толькі з задавальненнем з’елі пачастунак, але і папрасілі дабаўкі!
Вытворчыя экскурсіі могуць быць не толькі вельмі інфарматыўнымі, але і насамрэч цікавымі і пазнавальнымі.
Марына КЛУНДУК,
выхавальнік аздараўленчага лагера “Усмешка”
Асінаўшчызненскага ясляў-сада – пачатковай школы
Смаргонскага раёна