“Зялёныя канікулы” для старшакласнікаў, якія захапляюцца вывучэннем хіміі і біялогіі

- 14:49ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

Профільны атрад для навучэнцаў старшых класаў хіміка-біялагічнай і экалагічнай накіраванасці быў адкрыты ў прышкольным лагеры сярэдняй школы № 40 Гродна.

З 2019 года ў сярэдняй школе № 40 Гродна рэалізуецца комплексны адукацыйны праект “Зялёныя школы”. У 2021 годзе школа атрымала статус “Зялёная школа” (дыплом II ступені). Тут берагуць ваду і электраэнергію, сартуюць адходы, адмаўляюцца ад поліэтыленавых пакетаў на карысць пашытых сваімі рукамі экамяшочкаў, падкормліваюць птушак узімку, вывучаюць відавую разнастайнасць раслін і жывёл, а таксама ступень забруджвання атмасфернага паветра ў мікрараёне ўстановы адукацыі.

Лагічным працягам працы ў гэтым напрамку стала адкрыццё профільнага атрада прышкольнага лагера для навучэнцаў старшых класаў хіміка-біялагічнай і экалагічнай накіраванасці. Тут займаліся вучні ва ўзросце 13–14 гадоў. Гэта дзеці, захопленыя вывучэннем хіміі і біялогіі, будучыя лекары, настаўнікі, эколагі. Для навучэнцаў падрыхтавалі інтэнсіўную праграму навучання, якая ўключае заняткі па вучэбных прадметах, практычныя работы, экскурсіі.

Першыя дзевяць дзён работы прышкольнага лагера дзеці прысвяцілі паглыбленаму вывучэнню вучэбнага прадмета “Біялогія”. Пад кіраўніцтвам настаўнікаў біялогіі І.А.Навіцкай і В.Я.Рунец навучэнцы паўтарылі заалогію, энтамалогію, фізіялогію раслін, батаніку, мікрабіялогію, экалогію. Кожны дзень вучні праводзілі даследаванні і навуковыя эксперыменты на базе кабінета біялогіі. У ходзе доследаў яны вывучылі будову інфузорыі туфелькі і спірагіры, будову плесневых грыбоў і лішайнікаў. Пры правядзенні практычных заняткаў школьнікі пазнаёміліся з флорай мікрараёна і сабралі гербарый.

Нямала ўвагі ўдзялялі педагогі і экскурсіям. Так, дзеці наведалі Гродзенскую кунсткамеру, дзе вывучылі анатамічную экспазіцыю. Наведалі факультэт біялогіі і экалогіі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, вывучылі разнастайнасць расліннага і жывёльнага свету ракі Нёман падчас правядзення агляднай экскурсіі, а таксама наведалі Гродзенскі эколага-біялагічны цэнтр. У адзін з дзён школьнікі вывучылі методыку збору насякомых “Кашэнне сачком”, сабралі сваю калекцыю беспазваночных, назіралі за жыццём насякомых у “гасцініцы”, размешчанай на прышкольнай тэрыторыі.

Другія дзевяць дзён прышкольнага лагер адзеці прысвяцілі паглыбленаму вывучэнню хіміі. Кожны дзень школьнікі вучылі ўласцівасці кіслот, аксідаў, асноў, соляў, праводзілі практычныя работы, дзе пад кіраўніцтвам настаўніцы Н.В.Беласік юныя хімікі працавалі з сапраўднымі рэактывамі. Дзеці вывучалі якасныя рэакцыі, ажыццяўлялі ператварэнні рэчываў, праводзілі аналіз невядомых рэчываў і рыхтавалі растворы з пэўнымі характарыстыкамі.

Пазнаёміцца бліжэй з прафесіяй ветэрынара дзецям дапамаглі ў Гродзенскім аграрным універсітэце, у якім яны наведалі лабараторыю, анатамічны музей і ветэрынарную клініку пры ўніверсітэце. Пра тое, як наладжана праца прадпрыемства знутры, дзеці даведаліся падчас экскурсіі ў музей працоўнай славы ААТ “Гродна Азот”. На экскурсіі “Заапарк знутры” вучні пабывалі ў службовых памяшканнях павільёнаў з жывёламі, наведалі кармакухню і ветэрынарны корпус.

Летні прышкольны лагер дапамог хлопчыкам і дзяўчынкам вывучыць законы прыроды на практыцы, больш даведацца пра прафесіі, звязаныя з вывучэннем навакольнага свету і чалавека, а таксама вызначыцца з дзейнасцю ў будучыні.

 

Наталля БЕЛАСІК,
настаўнік хіміі сярэдняй школы  40 Гродна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий