Андрэй КІСЛЮК,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Сярэдняй школы № 1 г. Лунінца”,
Брэсцкая вобласць
Тэма ўрока: “У дамкі” не адразу, або Складаназалежныя сказы з даданай акалічнаснай часткай спосабу дзеяння, меры і ступені ў прызме вывучэння вобразаў шляхты і чыноўніцтва ў п’есе В.Дуніна-Марцінкевіча “Пінская шляхта”.
Мэты ўрока:
– пазнаёміць вучняў са складаназалежнымі сказамі з даданымі акалічнаснымі часткамі спосабу дзеяння, меры і ступені;
– выпрацаваць на прыкладзе рэплік герояў камедыі В.Дуніна-Марцінкевіча “Пінская шляхта” навык правільна ствараць складаназалежныя сказы з даданымі акалічнаснымі часткамі спосабу дзеяння, меры і ступені;
– развіць уменне аналізу вобразаў галоўных герояў п’есы В.Дуніна-Марцінкевіча “Пінская шляхта”;
– палепшыць навык карэктнага прыдумвання складаназалежных сказаў, у прыватнасці з даданымі акалічнаснымі часткамі спосабу дзеяння, меры і ступені;
– садзейнічаць фарміраванню ўмення працаваць у камандзе, параўноўваць, аналізаваць, фармуляваць пытанні, рабіць вывады, падводзіць вынікі;
– выхоўваць любоў да роднай мовы і павагу да беларускай літаратуры.
Задачы ўрока: імкнуцца максімальна наблізіць вучняў да працэсу самастойнага атрымання новай інфармацыі па тэме.
Тып урока: камбінаваны ўрок вывучэння новай тэмы.
Прыёмы ўрока: індывідуальная работа вучняў; групавая работа; прыём “мазгавога штурму”, гульня.
Эпіграфы да ўрока: “Мова народа – жыццё ва ўсіх праявах яго” (І.Шамякін, “Глыбокая плынь”), “Ты ведаеш яго прыпавесць: чырвонае, белае – усё перадзелае” (В.Дунін-Марцінкевіч, “Пінская шляхта”).
Ход урока
І Арганізацыйны момант
– Добры дзень. Мы сёння, як і заўсёды, рады нашай сустрэчы і гатовы да сумеснай творчай працы. Давайце адзначым адсутных на ўроку і прыступім да работы. Трэба сказаць, што сённяшні ўрок будзе не такі, як звычайна. Па-першае, ён будзе даўжэйшым па часе, бо змяшчае ў сабе як мову, так і літаратуру адначасова. Па-другое, за кожны правільны ці няправільны адказ вы будзеце атрымліваць фігуркі: белыя – правільны адказ, чорныя – няправільны; шахматная фігура – адказ па літаратуры, шашачная фігура – адказ па мове.
ІІ Праверка дамашняга задання
– Давайце ўспомнім, пра што мы даведаліся на мінулых уроках беларускай мовы і літаратуры (Слайд 2). З гэтай мэтай правядзём аперацыю “Святлафор”. Перад вамі дзве трохкаляровыя фігуры з кубікаў. Левы “святлафор” – заданні па мове, правы “святлафор” – заданні па літаратуры. Вы можаце выбіраць кубік самастойна, але ведайце, што кожны колер – гэта пэўная адзнака:
1. Зялёны – на 6 балаў. Вучні атрымліваюць карткі. (Дадатак 1)
2. Жоўты – на 8 балаў. Заданне па літаратуры вучань выконвае на картцы, а заданне па мове – на дошцы: размяшчае на слых прачытаныя са зборніка экзаменацыйных матэрыялаў для 9-га класа сказы ў патрэбны слупок + адказвае на дадатковыя пытанні. (Дадатак 2)
3. Чырвоны – на 10 балаў. Вучні атрымліваюць карткі. (Дадатак 3)
(Слайд 3)
Складаназалежны сказ з даданай дапаўняльнай часткай | Складаназалежны сказ з даданай акалічнаснай часткай часу | Просты сказ |
Складаназалежны сказ з даданай акалічнаснай часткай умовы | Складаназалежны сказ з даданай азначальнай часткай |
Вясковыя жыхары лічаць, што пражыванне вужа пад падлогай ці пад печчу прыносіць у хату багацце і шчасце | І таму, калі пры горнай сцяжыне зацвіла нарэшце японская ружа, многім хацелася спыніцца пад гэтым дрэўцам і пастаяць | Паўз шырокія дарогі і гаманлівыя рачулкі, ускрай палеткаў і ў лясных гушчарах, уткнуўшыся ў зямлю, ляжаць замшэлыя старажытныя валуны | Калі мурашы бесперапынна мітусяцца на сцяжынцы, бойка цягнуць розныя будаўнічыя матэрыялы, то добрае надвор’е яшчэ пастаіць | А на тэрыторыі, што сёння займае Беларусь, знойдзена адна з самых старажытных стаянак першабытнага чалавека |
ІІІ Актуалізацыя ведаў і мэтапастаноўка
– Запішыце сказ, начарціце яго схему: “Вот збіў мяне так, як шведаў Хадкевіч пад Кіргольмам”.
Дыялог з класам:
– Дзе галоўная частка? (Вот збіў мяне так…)
– Якое пытанне задаецца ад галоўнай часткі да залежнай і ад чаго? (Як? Ад указальнага займенніка “так”)
– Да якога даданага члена сказа ставіцца падобнае пытанне? (Да акалічнасці спосабу дзеяння)
– Адкуль узяты прыклад? (З камедыі В.Дуніна-Марцінкевіча “Пінская шляхта”)
– Давайце прачытаем гэтую рэпліку (З’ява 4).
– Якія думкі Куторгі выражаюцца ў прыведзеным сказе? (Куторга паказвае, якім чынам яго збілі)
– Пра каго яшчэ мы зараз з вамі пачулі? (Пра Грышку Цюхай-Ліпскага)
– Як думаеце, у нас сёння будзе звычайны ўрок ці нейкі асаблівы? (Незвычайны)
ІV Вывучэнне новай тэмы
(Слайд 4)
– Тэма нашага ўрока даволі змястоўная, бо закранае і мову, і літаратуру.
– Звярніце, калі ласка, увагу на эпіграфы (Слайд 5) да сённяшняга ўрока. Каму належаць словы з другога эпіграфа і пра каго гэта гаворыцца? (Куторга гаворыць пра Кручкова)
– Як думаеце, якія два сацыяльныя слаі грамадства мы сёння збіраемся абмяркоўваць? (Чыноўніцтва і шляхту)
– У два слупкі ў сшытку па літаратуры пазначце герояў-прадстаўнікоў названых саслоўяў.
Чыноўніцтва | Шляхецтва |
Кручкоў | Ціхон Пратасавіцкі |
Пісулькін | Куліна Пратасавіцкая |
Марыся Пратасавіцкая | |
Іван Цюхай-Ліпскі | |
Грышка Цюхай-Ліпскі | |
Цімох Альпенскі | |
Базыль Статкевіч | |
Харытон Куторга |
– Давайце звернемся да практыкавання № 142 падручніка па беларускай мове. Запішам сказы № 2 і 3. Падкрэслім галоўныя члены сказа і зробім схемы. (Два вучні выконваюць на дошцы)
– Якія пытанні мы задаём да залежных частак? У чым іх адрозненне?
– Давайце паглядзім правіла на с. 99. Пры яго самастойным вывучэнні запоўніце, калі ласка, наступную табліцу (Слайд 6):
Тып даданай часткі | Асноўная функцыя | Сродак сувязі | Што паясняе | Пытанне |
– Такім чынам, мы з вамі будзем даваць характарыстыку прадстаўнікам чыноўніцтва і шляхты, намагаючыся ўжываць як мага больш складаназалежных сказаў, у тым ліку з даданымі акалічнаснымі часткамі спосабу дзеяння, меры і ступені.
– У сшытках зробім наступную схему, якую вы дапоўніце (прыкладная):
(Слайд 7) (Слайд 8)
– Кожную характарыстыку імкнемся пацвердзіць словамі з тэксту.
– Давайце ўспомнім, з чаго завязалася спрэчка паміж Ціхонам Пратасавіцкім і Іванам Цюхай-Ліпскім?
– Як гэтая падзея характарызуе герояў В.Дуніна-Марцінкевіча?
– Уявіце сабе падобную карціну і апішыце, ужываючы складаназалежныя сказы з даданымі акалічнаснымі часткамі спосабу дзеяння і меры і ступені, як паводзяць сябе абодва шляхцюкі. Па дапамогу звяртаемся да практыкавання № 144, дзе прыведзены схемы кожнага віду з вывучаемых намі частак. Прыкладныя пачаткі сказаў прыведзены на экране (Слайд 9):
– Пратасавіцкі так адлупцаваў Цюхай-Ліпскага, што… (аж прыслалі асэсара).
– Цюхай-Ліпскага адлупцавалі так, як… (памешчык караў звычайнага селяніна).
– Спрэчка ўзнікла так, што… (ніхто яе і не чакаў).
– Бацька Марыські перажываў так, што… (Куторга не змог не скарыстацца момантам).
Вучні прыдумляюць сказы і зачытваюць іх. Потым два вучні выходзяць да дошкі і чэрцяць схемы сваіх сказаў.
– Мы з вамі і завочна, і ў тэксце пазнаёміліся са шляхтай. Але давайце ўспомнім той момант, калі ганарлівыя шляхцюкі сустрэліся з Кручковым. Знайдзіце, калі ласка, гэты ўрывак у тэксце. Прачытаем з вамі яго па ролях. (Чытаюць з’яву 9).
– Скажыце, што такое незвычайнае можна выдзеліць у паводзінах станавога прыстава? (Яго ўпэўненыя паводзіны ў асяроддзі незнаёмых людзей)
– Па чым гэта бачна? (Прыводзяць прыклады)
– Давайце пісьмова прадоўжым сказы (Слайд 10): “Кручкоў быў настолькі ўпэўнены ў сабе, што… (яго задума рэалізоўвалася вельмі лёгка)”, “Прыстаў паводзіў сябе так, як… (гэта была яго родная вёска)”.
– Начарціце схемы сваіх сказаў і назавіце, якія даданыя часткі вы ўжылі. (Два вучні выконваюць ля дошкі)
– Мы з вамі да гэтага часу вялі гутарку пра старэйшае пакаленне герояў камедыі. А хто з’яўляецца прадстаўніком маладога пакалення? (Грышка і Марыська)
– Што вы можаце сказаць пра іх?
– Давайце папрацуем з іх вобразамі. Дзяўчаты павінны прыдумаць складаназалежныя сказы з даданай акалічнаснай часткай спосабу дзеяння і меры і ступені, якія будуць апісваць каханне Марыські, а хлопцы – Грышкі. Начарціць схемы. (Два вучні прыдумляюць і зачытваюць сказы)
– Дзеці шляхцюкоў адрозніваюцца ад сваіх бацькоў? Чым? Прывядзіце прыклады.
– Выканаем творчае заданне ў парах. Складзіце міні-сачыненне пра нашых закаханых, узяўшы за аснову практыкаванне № 143 і ўжываючы тыя тыпы сказаў, якія мы сёння вывучаем. У вас некалькі хвілін. (Настаўнік зачытвае адно сачыненне на выбар, а адзін з вучняў шукае памылкі)
V Праверка разумення вывучанага
– Давайце замацуем тое, што прайшлі на ўроку.
– Перад вамі на экране табліца са сцвярджэннямі. Ваша задача – адшукаць няправільныя выразы і выправіць іх (Слайд 11).
Сцвярджэнне | Вернасць |
Куторга добраахвотна прапанаваў сваю дапамогу Ціхону і Куліне | Так |
Складаназалежныя сказы можна параўнаць з аднароднымі членамі | Не |
“Пісулькін хацеў дапамагчы шляхціцам, бо любіў просты народ” – складаназлучаны сказ з даданай азначальнай часткай месца | Не |
Кручкоў любіў пахвальбу і грошы | Так |
Марыська хацела развесціся з Куторгам і ўзяць шлюб з Грышкам | Не |
Даданыя акалічнасныя часткі меры і ступені адказваюць на пытанні “як? як многа? у якой меры? у якой ступені?” | Так |
У мяне на ўроку не ўзнікла цяжкасцей | ??? |
VI Замацаванне вывучанага
– Дапоўніце ланцужок (Слайд 12): “Складаназалежны сказ з даданай акалічнаснай часткай спосабу дзеяння … паказвае, … пытанні: як? якім чынам? … ужываюцца … злучнікі як, як бы, … , каб, што … паясняе … галоўнай часткі ці спалучэнне …”
VІI Падагульненне і сістэматызацыя вывучанага
– Давайце знойдзем памылкі ў прыведзеным сказе (Слайд 13): “Дзясяцкі сказаў: Ды я такой зодам яму парЫ што, ён незгадае, дзе уюны зімують”.
VІIІ Дамашняе заданне
(Слайд 14)
-
- Па беларускай мове: 22, практыкаванне 146.
- Па беларускай літаратуры: адказаць на пытанні на с. 81 падручніка, пазнаёміцца з біяграфіяй Ф.Багушэвіча.
IХ Падвядзенне вынікаў
– Усе мэты, пастаўленыя перад урокам, з поспехам дасягнуты, таму я магу ацаніць вашу дзейнасць. Для гэтага вы ў раздадзеных таблічках адзначце колькасць атрыманых фігурак і запішыце ўзніклыя цяжкасці і пытанні.
X Рэфлексія
(Слайд 15)
– Прадоўжыце, калі ласка, фразы: “Мне спадабалася…”, “Я зразумеў(ла)…”, “Нам хацелася б (не хацелася б)…”
Дадаткі
Маніторынг разумення і ацэнкі