Вучаніцы гімназіі № 1 Дзятлава Марына Ломаць і Лізавета Белавус сталі ўдзельнікамі змены “Навуковая экспедыцыя” у абласным аздараўленчым лагеры “Навука-1”, які традыцыйна размяшчаецца на базе Парэчскай санаторнай школы-інтэрната Гродзенскага раёна. Пуцёўку сюды дзяўчынкі атрымалі за высокія вынікі на алімпіядах па беларускай мове і літаратуры.
Кожны дзень у лагеры “Навука” юнакоў і дзяўчат чакалі вучэбныя заняткі, якія праводзілі выкладчыкі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы і школьныя настаўнікі з вопытам падрыхтоўкі алімпіяднікаў. Яны выкарыстоўвалі вузаўскую сістэму навучання: чыталі лекцыі, арганізоўвалі практычныя заняткі, практыкавалі дыскусійныя формы работы і г.д.
– Арганізатарамі лагера была падрыхтавана разнастайная і насычаная культурная праграма. Удзельнікі змены прынялі ўдзел у самых розных па накіраванасці мерапрыемствах. “Нягледзячы на тое, што тут праходзіла падрыхтоўка да алімпіяды, у лагеры панавала атмасфера радасці і добрага настрою”, – адзначыла ў гутарцы Лізавета. – Разнастаіць адпачынак дазвалялі спартыўныя мерапрыемствы, конкурсы, квесты, інтэрактыўныя пляцоўкі, канцэрты. Усе юнакі і дзяўчаты вельмі актыўныя, камунікатыўныя, таму адразу пасля знаёмства з імі стала зразумела, што сумна ў лагеры не будзе. Я не пашкадавала аб праведзеным часе ў лагеры “Навука-1”, таму што набыла шмат сяброў, атрымала сталыя веды і зарадзілася новымі ўражаннямі.
– У лагеры мне асабліва спадабаўся дзень атрада беларускай мовы, калі мы ўсе разам рыхтавалі для астатніх удзельнікаў змены станцыі з заданнямі па беларускай мове і літаратуры, а ўвечары прадстаўлялі канцэртную праграму, – падзялілася Марына. – Таксама я прымала ўдзел у ваенна-патрыятычнай гульні “Зарніца”. Вельмі захапляльна прайшла канцэртная праграма “Хвіліна славы”, дзе кожны жадаючы змог паказаць сябе з вельмі нечаканага боку: прадэманстраваць свае здольнасці ў выкананні песні, танца, дэкламацыі верша. Наш атрад прымаў удзел у гульні “Што? Дзе? Калі?”. На жаль, час змены ў лагеры праляцеў вельмі хутка, але застанецца ў маім сэрца надоўга.
Урачыстае закрыццё змены было насычана музыкай, вяселлем, гумарам. Усе ўдзельнікі аб’ядналіся ў адзіную сям’ю і, нягледзячы на сум расстання, паабяцалі ў наступным годзе сустрэцца зноў. Час адпачынку і перазагрузкі прайшоў.
Аксана ВАНЧУК,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры гімназіі № 1 Дзятлава