Нашы продкі стварылі сваю самабытную культуру, традыцыі, звычаі, якія знайшлі адлюстраванне ў песнях, казках, у побыце, адзенні. Каб пазнаёміцца з гэтым скарбам нашай гісторыі выхаванцы ясляў-сада вёскі Беняконі Воранаўскага раёна адправіліся ў сельскую бібліятэку.
Дзеці змаглі ўбачыць не толькі кнігі, але і прадметы побыту нашых дзядуль і бабуль, а таксама тканыя вырабы, зробленыя жыхарамі нашай вёскі.
Супрацоўнік бібліятэкі займальна расказала пра побыт сялян, прылады іх працы, рамёствы, якімі займаліся сельскія жыхары. Дзеці даведаліся шмат новага і цікавага пра такія святы, як Каляды, Масленіца, Тройца, Купалле і іншыя.
Асаблівую цікавасць у дзяцей выклікаў традыцыйны сялянскі абутак. Малышы з радасцю іх прымералі. Яшчэ дзецям прадэманстравалі працу ткацкага станка, выкарыстанне калаўрота для прадзення льнянога валакна, ручнога млына для атрымання мукі, чыгунны прас, рубель і качалку – старажытныя прыстасаванні для мыцця і прасавання бялізны.
Наведванне музея ў бібліятэцы стала для дзяцей своеасаблівым падарожжам у гістарычнае мінулае роднага краю, дазволіла акунуцца ў тыя далёкія часы, калі жылі нашы прадзеды.
Юлія УЛАНОЎСКАЯ,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
ясляў-сада в.Беняконі
Воранаўскага раёна