Вучні 7 “А” класа сярэдняй школы № 2 Смаргоні наведалі Нацыянальную бібліятэку Беларусі. У час экскурсіі дзеці пазнаёміліся з гісторыяй бібліятэкі, яе мастацкім аздабленнем, тэхнічным аснашчэннем, архітэктурнымі асаблівасцямі будынку.
Сямікласнікаў уразіла прыгажосць і велічнасць будынку бібліятэкі. У прасторным і светлым холе нас сустрэў экскурсавод. Спачатку мы адправіліся на аглядавую экскурсію па бібліятэцы, а пасля наведалі музей кнігі, дзе ўбачылі ўнікальныя рукапісныя і старадрукаваныя кнігі. Сярод іх ёсць арыгінальныя экзэмпляры Бібліі беларускага першадрукара Ф.Скарыны, якія былі выдадзены яшчэ ў пачатку XVI веку. Вялікую цікавасць выклікалі выданні нестандартнага фармату: самая маленькая кніга “Цуд з цудаў” (9 × 6 мм), тэкст у ёй можна прачытаць толькі з дапамогай павелічальнага шкла, самая вялікая кніга (99 × 66 см) “Птушкі Амерыкі”, у ёй змешчаны адбіткі гравюр з выявамі птушак у натуральную велічыню. З захапленнем вучні разглядалі кнігі беларускіх татар – кітабы, якія напісаны дзіўным арабскім пісьмом, але па-беларуску.
Пасля знаёмства з экспазіцыяй музея кнігі вучні на панарамным ліфце падняліся на адкрытую аглядавую пляцоўку, якая знаходзіцца на 23-м паверсе бібліятэкі. З вышыні 73 метраў дзеці змаглі палюбавацца маляўнічымі краявідамі сталіцы і разгледзець аддаленыя аб’екты з дапамогай бінокля панарамнага віду.
Падчас экскурсіі мы не толькі пазнаёміліся з буйнейшым інфармацыйным і сацыякультурным цэнтрам Рэспублікі Беларусь, але і мелі магчымасць павандраваць у часе, здзейсніць падарожжа ў чароўны свет кнігі.
Вольга ПЕТРУШЭВІЧ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
сярэдняй школы № 2 Смаргоні