На базе Трабскага ясляў-сада – сярэдняй школы гасцінна расчыніў дзверы летні аздараўленчы лагер эколага-біялагічнага профілю з кругласутачным знаходжаннем “Грын-Парк”.
Такі профіль абраны не выпадкова. На працягу трох гадоў установа адукацыі прымае ўдзел у адукацыйным праекце “Зялёныя школы”. Лагерная змена доўжыцца ўсяго дзевяць дзён, а планаў і задумак вельмі шмат. Напрыклад, выхаванцы лагера адправіліся на экскурсію ў Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства.
Ветлівыя экскурсаводы цікава і эмацыянальна распавялі пра раслінны і жывёльны свет цэнтра. Вельмі ўразіла падлеткаў цяпліца з трапічнымі раслінамі: кактусы велізарных памераў, пальмы, папайя, фікусы, манстэры і драцэны. Нібы зазірнулі ў адну з трапічных краін.
Вялікая колькасць акварыумаў заварожвала пералівамі разнастайных рыбак: карп парчовы, рыбы-альбіносы, залатыя рыбкі і іншыя.
Тэрарыум здзівіў сям’ёй удаваў, пітонам велізарных памераў, рознымі відамі чарапашак і яшчарак.
Летні адпачынак патрэбен не толькі для таго каб адпачыць, але і для ўмацавання здароўя, спартыўнага развіцця. Такую магчымасць атрымалі выхаванцы пры наведванні скаладрома. Пасля правядзення трэнерам інструктажу па тэхніцы бяспекі, размінкі і атрымання дакладных інструкцый, падлеткі надзелі экіпіроўку і адправіліся заваёўваць вяршыні. Не адразу, але вяршыні пакарыліся ўсім выхаванцам. Заняткі на скаладроме далі дзецям не толькі зарад бадзёрасці, але і ўрок зносін, навык работы ў пары, пад’ёму ў адной звязцы, пачуццё адказнасці не толькі за сябе, але і за сябра.
Рамуальда МАХНАЧ,
старшы выхавальнік летняга аздараўленчага лагера “Грын-Парк”
Трабскага ясляў-сада – сярэдняй школы
Іўеўскага раёна