Пра вялікага паэта дзеці даведаліся ў сельскай бібліятэцы  

- 10:05ГОМЕЛЬЩИНА, Регионы

У Слабадской сельскай бібліятэцы прайшла сустрэча, прысвечаная 140-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы. Выхаванцы Слабадскога ясляў-сада Мазырскага раёна пазнаёміліся з жыццёвым і творчым шляхам паэта і некаторымі яго творамі.

Дзеці даведаліся, што Янка Купала – беларускі пясняр, які першым атрымаў званне народнага паэта Беларусі, пачулі сапраўднае імя паэта – Іван Дамінікавіч Луцэвіч.

 

Бібліятэкар Ларыса Васкевіч паведаміла, што сваімі творамі паэт найбольш ярка падкрэсліў нацыянальную самасвядосмасць, духоўныя каштоўнасці, пачуцці беларусаў. Яна адзначыла, што творчасць Янкі Купалы ўяўляе сабой сапраўдную энцыклапедыю жыцця беларускага народа. Імем паэта названы Інстытут мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Нацыянальны акадэмічны тэатр у Мінску, Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт, бібліятэкі, школы, вуліцы.

Выхаванцы даведаліся многа новага і цікавага пра жыццё і творчасць паэта. Напрыклад, Максім Жураўкоў, які наведвае старшую групу, паведаміў, што ведае творы славутага паэта. Малы расказаў верш “Хлопчык і лётчык” на памяць.

 

Ларыса Анатольеўна ў сваю чаргу расказала дзецям цікавую гісторыю, звязаную з гэтым вершам: касманаўт Юрый Гагарын, калі пачуў верш Янкі Купалы “Хлопчык і лётчык” таксама марыў пра зоркі, а потым стаў першым чалавекам, які паляцеў у космас.  

Дзеці пачалі разважаць і ўявілі сабе, што яны адправіліся ў палёт над роднай сінявокай Беларуссю: над палямі, лугамі, лясамі, рэкамі, азёрамі. А потым кожны з выхаванцаў расказаў, што цікавае ён убачыў падчас “палёта”.

Свае ўражанні выхаванцы сада адлюстравалі ў малюнках да верша “Хлопчык і лётчык” на тэматычнай пляцоўцы “Акварэлька”.

 

Аксана МІШУРА,
загадчык Слабадскога ясляў-сада Мазырскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий