Апісанне вопыту педагагічнай дзейнасці “Арганізацыя пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў пры вывучэнні біялогіі праз рашэнне сітуацыйных задач”  

- 16:45Биология. Идеи, Методичка

Наталля ЖУКОЎСКАЯ,
настаўнік біялогіі і хіміі
ДУА “Свіслацкая сярэдняя школа” Гродзенскага раёна,
Гродзенская вобласць

natalya-zhukovskaya@bk.ru

 

 

 

У сучасных умовах дзейнасць школы накіравана на фарміраванне асобы навучэнца, які актыўна ўдзельнічае ў сацыякультурнай дзейнасці, самастойна і адказна прымае рашэнні ў жыццёвых сітуацыях, якія пастаянна змяняюцца, а таксама на стварэнне ўмоў для фарміравання прадпрымальнасці, ініцыятывы, паспяховага самаразвіцця і самарэалізацыі будучага выпускніка [2, с. 3].

У адукацыйным працэсе галоўнае – дзейнасць навучэнцаў, а дзейнасць ажыццяўляецца на аснове выканання заданняў, якія неабходна правільна і рацыянальна распрацоўваць і выкарыстоўваць на розных этапах заняткаў [6, с. 17]. У рабоце разглядаецца сістэма выкарыстання сітуацыйных задач як формы кампетэнтнасна-арыентаваных заданняў, якія мадэліруюць практычную, жыццёвую сітуацыю і грунтуюцца на актуальным для вучняў матэрыяле.

Ва ўмовах сельскай малакамплектнай школы арганізаваць пазнавальную дзейнасць навучэнцаў значна прасцей, таму што колькасць дзяцей у класах (ад 7 да 19) дазваляе прыцягнуць да работы на ўроку кожнага вучня. Аднак у пачатку сваёй выкладчыцкай дзейнасці, многія настаўнікі сутыкаюцца з праблемай адсутнасці навыкаў ажыццяўлення пазнавальнай дзейнасці, узаемадзеяння з іншымі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу.

 

АПІСАННЕ ТЭХНАЛОГІІ ВОПЫТУ

Вядучая ідэя вопыту – стымуляванне і арганізацыя пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў на ўроках біялогіі і ў пазаўрочнай дзейнасці праз выкарыстанне сітуацыйных задач (кампетэнтнасна-арыентаваных заданняў), аўтарскіх метадычных распрацовак на аснове мясцовага матэрыялу.

Паколькі галоўнымі адукацыйнымі задачамі ў выкладанні біялогіі з’яўляецца развіццё пазнавальных інтарэсаў, інтэлектуальных і творчых здольнасцей вучняў у працэсе назіранняў за біялагічнымі аб’ектамі і станам уласнага арганізма, біялагічных эксперыментаў, працы з рознымі крыніцамі інфармацыі, а таксама фарміраванне экалагічнага мыслення, неабходнага для паўнацэннага функцыянавання ў грамадстве [6, с. 34], узнікла неабходнасць у выпрацоўцы пэўнай сістэмы работы в гэтым кірунку.

 

АПІСАННЕ СУТНАСЦІ ВОПЫТУ

1 Адлюстраванне метадычных і педагагічных аспектаў

У вучэбных праграмах, як правіла, дакладна і падрабязна распісаны мэты вывучэння прадметных тэм, паказаны фарміруемыя кампетэнцыі, вызначаны тэрміны фарміравання кампетэнтнасных ведаў, уменняў і адпаведнага вопыту іх прымянення [4, с. 122]. Пасля вывучэння літаратуры найбольш перспектыўнай формай работы па арганізацыі пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў былі абраны сітуацыйныя задачы.

Сітуацыйна абумоўлены пошук арганізуюць у навучанні штучна з дапамогай спецыяльна падабраных або сканструяваных сітуацыйных задач або заданняў (макра- і мікрасітуацый), максімальна набліжаных па сваім змесце да натуральнай жыццядзейнасці чалавека ў розных сферах.

Аналіз нешматлікіх трактовак паняцця “сітуацыйныя задачы” дазваляе зрабіць наступную яго фармулёўку: пад сітуацыйнай задачай мы разумеем метадычны прыём, які злучае сукупнасць умоў, накіраваных на рашэнне практычна значнай сітуацыі з мэтай актывізацыі пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў.

 

2 Кампанент педагагічнай сістэмы. Арганізацыя пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў

Для паспяховага вывучэння прадмета неабходна рацыянальна арганізаваць пазнавальную дзейнасць навучэнцаў. Такая дзейнасць ажыццяўляецца праз вывучэнне, даследаванне аб’ектаў, мадэляванне сітуацый, праектаванне. Дасягнуць высокіх вынікаў у гэтых відах работ магчыма тады, калі заданні, якія прапануюцца вучням, з’яўляюцца асобасна значнымі для іх. Менавіта таму ў рабоце апісваецца прымяненне сітуацыйных задач (кампетэнтнасна-арыентаваныя заданні па М.І.Запрудскаму [6, с. 18]) на ўроках біялогіі, аўтарскіх распрацовак пазакласных мерапрыемстваў, заснаваных выключна на мясцовым матэрыяле аграгарадка Свіслач Гродзенскага раёна.

 

3 Сістэма педагагічнага вопыту

Пасля аналізу сучаснай літаратуры па пытаннях арганізацыі пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў вызначана пэўная сістэма работы, якая з’яўляецца найбольш эфектыўнай ва ўмовах сельскай малакамплектнай школы.

У практыцы сваёй работы я выкарыстоўваю комплексную сістэму, накіраваную на актывізацыю пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў: “урок – пазаўрочная дзейнасць”, якая праводзіцца цэлы год. Акрамя рэгулярнага выкарыстання сітуацыйных задач на розных этапах урокаў біялогіі, на працягу навучальнага года ў школе праводзіцца чатыры яркія мерапрыемствы для навучэнцаў з мэтай прыцягнення ўвагі да пэўнай праблемы. Выбар формы правядзення мерапрыемстваў адбываецца з улікам захапленняў сучасных вучняў: QUESTORIA, сеткавыя гульні, інтэрактыўныя гульні, экалагічныя акцыі Instagram#followme#cледуйзамной#делайкакЯ# і інш., а таксама з мэтай вывучэння сваёй малой радзімы. Найвялікшую цікавасць ва ўдзельнікаў выклікаюць квесты па тэрыторыі аграгарадка Свіслач, Instagram-акцыі, а таксама гульні ў сацыяльных сетках, у якіх дзеці атрымліваюць заданні шляхам атрымання паведамленняў у сацыяльных сетках і выконваюць іх згодна атрыманай інструкцыі. Ідэя арганізацыі карысных адукацыйных сеткавых гульняў па ўласным праекце была распрацавана ўдзельнікамі аб’яднання “EcoFriends. Дзеці 90-х”.

Акрамя гэтага для вучняў праводзяцца дадатковыя заняткі па біялогіі (практыкумы, прадметныя тыдні, аб’яднанні па інтарэсах), індывідуальныя заняткі з адоранымі дзецьмі, ажыццяўляецца работа навуковага аб’яднання школьнікаў “Пошук”, падрыхтоўка да алімпіяд, конкурсаў, навукова-практычных канферэнцый.

 

4 Паслядоўнасць дзеянняў пры прымяненні асноўных прыёмаў, форм і сродкаў. Алгарытм

Для стварэння біялагічных сітуацыйных задач базавымі крыніцамі на сучасны момант з’яўляюцца наступныя: мастацкая і публіцыстычная літаратура, аператыўная інфармацыя са сродкаў масавай інфармацыі, статыстычныя матэрыялы, навуковыя публікацыі, рэсурсы інтэрнэту і навіны сацыяльных сетак.

Усе сітуацыйныя задачы маюць, як правіла, тыпавую структуру. Звычайна заданне складаецца з наступных частак:

– назва (пажадана яркая, якая прываблівае ўвагу навучэнцаў);
– сітуацыя – выпадак, праблема, гісторыя з рэальнага жыцця;
– асобасна значнае пазнавальнае пытанне;
– інфармацыя па гэтым пытанні, пададзеная ў пэўным выглядзе (тэкст, табліца, графік, малюнак, фотаздымак і г.д.);
– пытанні ці заданні для работы з задачай.

Існуе пэўны пералік крытэрыяў для падбору матэрыялу для сітуацыйных задач:

– сітуацыйная задача павінна быць сфармулявана ў выглядзе апавядання;
– для сітуацыйнай задачы неабходна падбіраць тэмы, якія прыцягваюць увагу школьнікаў. Задача павінна быць сапраўдным жывым прыкладам, які выкліча непадробную цікавасць навучэнцаў;
– для сітуацыйнай задачы пераважней выбіраць сучасныя выпадкі. Сітуацыйная задача павінна быць актуальнай;
– ідэальна складзеная сітуацыйная задача выклікае пачуццё суперажывання з галоўнымі дзеючымі асобамі. Важна, каб у задача ўключала рэальную сітуацыю, якая стымулюе праяву яркіх эмоцый (спагаду, здзіўленне, радасць, гнеў і г. д.);
– у тэкст сітуацыйных задач можна ўключаць цытаты з розных крыніц, каб стварыць паўнавартасную, рэалістычную карціну;
– ствараючы сітуацыйныя задачы, патрэбна ўлічваць узроставыя асаблівасці навучэнцаў.

Створаныя сітуацыйныя задачы выкарыстоўваюцца не толькі на розных этапах урокаў біялогіі, але і пры правядзенні пазакласных мерапрыемстваў.

 

5 Канкрэтызацыя матэрыялу праз прыклады кожнага кампанента сістэмы вопыту, фрагменты заняткаў, пазакласных мерапрыемстваў

Найбольш важным пры вывучэнні прадмета з’яўляецца апора на дзейнасны (перажыты самастойна) вопыт асобы, на тое, што з’яўляецца значным для самога вучня. Варыянты розных сітуацыйных задач можна знайсці і ў інтэрнэце, аднак яны не будуць значнымі для навучэнцаў, калі ў іх не будзе асабістай зацікаўленасці. Таму для кожнага ўрока ў 6–11-х класах былі складзены сітуацыйныя задачы з улікам іх значнасці для навучэнцаў (Дадатак). Ва ўмовах сельскай школы гэта не выклікала цяжкасцей. Рашэнне двух-трох такіх задач на ўроку дазволіла павысіць зацікаўленасць вучняў: павялічылася колькасць дзяцей на дадатковых занятках, факультатывах па біялогіі, для 15 вучняў была арганізавана работа аб’яднання па інтарэсах “Экалагічны экспрэс”.

Ва ўмовах малакамплектнай сельскай школы (колькасць вучняў – 97) важна было такім чынам арганізаваць работу навучэнцаў, каб яна была адначасова цікавай і сацыяльна значнай. З гэтай мэтай мною былі створаны аўтарскія распрацоўкі мерапрыемстваў з улікам сучасных рэалій, заснаваныя на мясцовым матэрыяле. А паколькі ў сувязі з будаўніцтвам Гродзенскай ГЭС у нашай мясцовасці назіраюцца значныя пераўтварэнні не толькі ў ландшафце, але і ва ўмовах пражывання, з’яўленні новых відаў жывёл і г.д., дыяпазон для даследаванняў значна павялічыўся.

Адным з першых масавых мерапрыемстваў стаў квест “Сябры прыроды”. Гэта сітуацыйная гульня на мясцовасці, у якой прынялі ўдзел больш за 70 чалавек.

Сутыкнуўшыся з праблемай недастатковага ўзроўню сфарміраванасці ў навучэнцаў навыкаў пазнавальнай дзейнасці на ўроку, трэба было падабраць пэўныя прыёмы, метады і сродкі павышэння пазнавальнай актыўнасці (практычны этап). У сярэднім і старшым звяне ў сельскай малакамплектнай школе існуе магчымасць апрабаваць розныя варыянты такой работы з усімі вучнямі класа: праблемнае навучанне, гульнявыя тэхналогіі, метад праектаў, інтэрактыўныя метады навучання, інфармацыйныя тэхналогіі і г. д.

Нягледзячы на паспяховую работу па павышэнні пазнавальнай дзейнасці, недастаткова высокім заставаўся ўзровень самастойнасці навучэнцаў пры рашэнні сацыяльна значных праблем. Прычынай гэтага з’яўлялася адсутнасць асабістай зацікаўленасці ў рашэнні пастаўленых задач. Таму на наступным этапе работы патрэбна было актуалізаваць асабісты вопыт навучэнцаў і накіраваць іх дзейнасць на фарміраванне ўласнага дзейнаснага вопыту, заснаванага на мясцовым матэрыяле. З гэтай мэтай быў створаны банк сітуацыйных задач, якія выкарыстоўваліся на розных этапах урокаў біялогіі.

 

ВЫНІКОВАСЦЬ І ЭФЕКТЫЎНАСЦЬ ВОПЫТУ

 Вызначэнне крытэрыяў для дыягностыкі паспяховасці дадзенага вопыту

Высокі ўзровень пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў дазволіў значна павялічыць колькасць удзельнікаў раённых і абласных конкурсаў, навукова-практычных канферэнцый, алімпіяд старшага і сярэдняга звяна.

Дзякуючы дзейнасці групы навучэнцаў “EcoFriends. Дзеці 90-х” ва ўстанове адукацыі была арганізавана дзейнасць па ўпарадкаванні тэрыторыі поймы ракі Свіслач. Імі распрацаваны праект развіцця экалагічнага турызму на тэрыторыі аграгарадка Свіслач з пэўнымі прапановамі па арганізацыі асобных відаў турыстычнай дзейнасці ў нашым мікрараёне.

Найбольш эфектыўнай формай работы па арганізацыі пазнавальнай дзейнасці вучняў ва ўмовах сельскай малакамплектнай школы з’яўляецца выкарыстанне сітуацыйных задач на розных этапах урокаў біялогіі. Аднак знайсці неабходныя і цікавыя па змесце задачы ў розных крыніцах, уключаючы і сетку інтэрнэт, вельмі складана. Асабліва тады, калі выкладанне ў школе вядзецца на беларускай мове. Таму мы распрацавалі ўласны банк сітуацыйных задач (Дадатак), заснаваных на мясцовым матэрыяле, а таксама сцэнарыі пазакласных мерапрыемстваў з улікам узроставых асаблівасцей навучэнцаў.

 

ЗАКЛЮЧЭННЕ

На падставе вышэйпададзенага, можна зрабіць выснову, што арганізацыя пазнавальнай дзейнасці ажыццяўляецца больш эфектыўна не праз эпізадычныя мерапрыемствы, а праз комплексную сістэму заняткаў, пазакласных мерапрыемстваў, калектыўных творчых спраў і індывідуальнай працы. Вызначаная сістэма дастаткова тэхналагічная, лёгка прымяняецца ва ўмовах кожнай адукацыйнай установы. Асаблівая яе каштоўнасць заключаецца ў тым, што яна ахоплівае большасць навучэнцаў. Важным з’яўляецца таксама і той факт, што ажыццяўляецца не толькі пасіўны ўдзел школьнікаў у розных мерапрыемствах, а актыўная творчая праца, накіраваная на дасягненне няхай і невялікага, але пэўнага і сацыяльна значнага выніку.

У перспектыве плануецца стварэнне банка сітуацыйных задач па ўсіх тэмах школьнага курса на беларускай мове. Гэта з’яўляецца асабліва актуальным для беларускамоўных школ, так як аўтарскія распрацоўкі на роднай мове складана знайсці.

Распрацоўкі могуць быць лёгка адаптаваны для прымянення ў любой установе адукацыі, якая ажыццяўляе навучанне на беларускай мове. Пазакласныя мерапрыемствы створаны таксама і на рускай мове.

У Фінляндыі кажуць: “Або мы рыхтуем да жыцця, або – да экзаменаў. Мы выбіраем першае”. Найбольш важным ва ўстанове адукацыі з’яўляецца тое, што можа спатрэбіцца ў жыцці. Вучыцца заўсёды той, хто хоча вучыцца. Задача педагога паспрабаваць прыцягнуць увагу вучня, але, калі ў яго зусім адсутнічае цікавасць ці здольнасць да навучання, важна зарыентаваць вучня на практычна карысную ў будучыні, “нескладаную” дзейнасць, што сродкамі прадмета “Біялогія” зрабіць вельмі лёгка.

Заўсёды варта вучыць дзяцей галоўнаму – самастойнаму будучаму паспяховаму жыццю. А гэта магчыма толькі на аснове асабіста значнага вопыту, набытага кожным навучэнцам у выніку індывідуальнай пазнавальнай дзейнасці. Таму трэба вучыць дзяцей разважаць і самім атрымоўваць веды. Важныя не завучаныя тэрміны, а ўменне прыцягваць патрэбныя рэсурсы для рашэння надзённых праблем. Менавіта тады будучыя выпускнікі будуць мець магчымасць падрыхтавацца да розных жыццёвых сітуацый, хутка і якасна рашаць узнікаючыя праблемы і паспяхова адаптавацца ў сучасным грамадстве.

Дадатак

 

Спіс выкарыстаных крыніц

1 Кодекс Республики Беларусь об образовании // Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь, 2011 г., № 13, 2/1795.
2 Концепция непрерывного воспитания детей и учащейся молодёжи в Республике Беларусь. Приложение к постановлению Министерства образования Республики Беларусь от 15.07.2015 № 82. [Электронный ресурс]. – Режим доступа: http://www.adu.by/ru/uchitelyu/organizatsiya-vospitaniya.html – Дата доступа 15.02.2018.
3 Гузеев, В.В. Методы и организационные формы обучения / В.В.Гузеев. – М. : Народное образование, 2001. – 84 с. 
4 Запрудский, Н.И. Современные школьные технологии / Н.И. Запрудский. – Минск : Сэр-Вит, 2006. – 288 с. 
5 Запрудский, Н.И. Современные школьные технологии-2: пособие для учителей. – 2-е изд. / Н.И.Запрудский. – Мн. : Сэр-Вит, 2012. – 256 с. 
6 Запрудский, Н.И. Современные школьные технологии-3 / Н.И. Запрудский. – Мн. : Сэр-Вит, 2017. – 168 с. 
7 Запрудский, Н.И. Технология исследовательской деятельности учащихся: сущность и практическая реализация // Фiзiка: праблемы выкладання. – 2009. – № 4. – С. 51–57.
8 Кашлев, С.С.  Технология интерактивного обучения / С.С.Кашлев. – Минск : Белорусский верасень, 2005. – 198 с. 
9 Селевко, Г.К. Современные образовательные технологии / Г.К.Селевко. – М. : Народное образование, 1998. – 256 с. 

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий