Наканавана лёсам

- 15:04В СВЕЖИХ НОМЕРАХ "НАСТАЎНІЦКАЙ ГАЗЕТЫ"

Штогод у БДПУ імя Максіма Танка паступаюць больш чым 200 выпускнікоў педагагічных класаў. Пра гэта падчас субяседавання з імі расказаў рэктар універсітэта Аляксандр Жук.

“Першыя такія класы пачалі працаваць у школах 6 гадоў назад, а значыць, іх выпускнікі ўжо выкладаюць у школах краіны. Дзеці, якія выбралі адпаведны профіль, добра пад­рыхтаваныя і валода­юць самымі важнымі для настаўніка якасцямі: яны любяць дзяцей і сваю будучую прафесію, — адзначыў Аляксандр Івана­віч Жук. — На працягу двух гадоў навучэнцы педагагічных класаў маглі прымераць на сябе прафесію настаўніка. Яны ведаюць, якім патрабаванням павінен адпавядаць педагог, і разумеюць, ці адказваюць самі гэтым запытам. Мы бачым, што ў апошнія гады цікавасць да педагагічнай прафесіі вырасла. Гэта пацвярджа­юць прахадныя балы падчас уступнай кампаніі. Так, летась на 7 спецыяльнасцей яны былі вышэйшыя за 315 — раней такога ніколі не было. Конкурс у БДПУ імя Максіма Танка таксама ўстойлівы — больш чым 2 чалавекі на месца. А на некаторыя спецыяльнасці — 5—6 чалавек на адзін студэнцкі білет. Адметна, што кожны год да нас паступаюць медалісты, — яны складаюць чвэрць набору, а таксама выпускнікі каледжаў, уладальнікі дыпломаў з адзнакай. Нас вельмі радуе, што хлопчыкі сталі больш актыўна выбіраць педагагічную дзейнасць. Так, у апошнія два гады на фізіка-матэматычны і гістарычны факультэты паступалі больш чым 40% маладых людзей. Традыцыйна высокі конкурс на факультэт фізічнага выхавання, куды таксама падаюць дакументы юнакі”. 

Для павышэння прэстыжу педагагічнай прафесіі Міністэрствам адукацыі праводзіцца сур’ёзная работа.

“Настаўнік — самая важная прафесія не толькі ў нашай краіне, але і ў любой іншай, — справядліва заўважыў міністр адукацыі Андрэй Іванец. — Ад таго, хто заўтра прыйдзе ў школу, залежыць, якое пакаленне ў нас вырасце. Узровень выпускнікоў педагагічных класаў вельмі высокі: гэта і медалісты, і навучэнцы, у якіх сярэдні бал атэстата 9 і вышэйшы. Але самае галоўнае, што яны высокаматываваныя. Такія абітурыенты робяць усвядомлены выбар, заснаваны на сур’ёзнай папярэдняй падрыхтоўцы. Работа над удасканаленнем дзейнасці педагагічных класаў з’яўляецца важнай не толькі для БДПУ імя Максіма Танка, але і для ўсіх рэгіянальных УВА”.

З 18 па 20 ліпеня ў БДПУ імя Максіма Танка праходзіла субяседаванне з выпускнікамі педагагічных класаў. Залічэнне студэнтаў адбудзецца 4 жніўня. У мінулым годзе ў БДПУ паступілі 222 выпускнікі педагагічных класаў з усёй краіны. Плануецца, што сёлета іх будзе больш.

Сярод выпускнікоў педагагічных класаў, якія паступаюць у БДПУ імя Максіма Танка, запатрабаванымі з’яўляюцца спецыяльнасці Інстытута інклюзіўнай адукацыі, а таксама спецыяльнасці псіхалагічнага кірунку. Прынамсі, ва ўніверсітэце пацвердзілі: у апошнія гады цікавасць да псіхолага-педагагічнай дапамогі і сацыяльнай работы ўзрасла. 

“Сістэма дапрофільнай пад­рыхтоўкі будучых педагогаў, створаная ў Беларусі, унікальная, — падкрэсліў Аляксандр Жук. — Нашы студэнты з ліку выпускнікоў педагагічных класаў вучацца лепш, чым астатнія, у іх больш высокія балы. І працэнт іх замацавання на першых працоўных месцах ва ўстановах адукацыі складае 80—90%. Гэта вельмі добры паказчык. Наш вопыт па падрыхтоўцы дзяцей у педкласах вывучаюць краіны СНД і інш.”

У тым, што выпускнікі педагагічных класаў стануць выдатнымі спецыялістамі, упэўнена начальнік Цэнтра развіцця педагагічнай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка Аляксандра Валянцінаўна Пазняк: 

“Усе без выключэння маладыя людзі, якія прайшлі субяседаванне, вельмі моцныя і матываваныя. Ва ўсіх іх высокі бал атэстата, паўнавартаснае рознабаковае партфоліа і многа педагагічных проб за плячамі. Прыемна, што ў асноўным сюды прыйшлі тыя, хто падчас навучання ў школе ўдзельнічаў у мерапрыемствах нашай УВА, у прыватнасці ў Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Педагагічныя класы: вопыт і перспектывы”. Нашы абітурыенты — удзельнікі праекта “Студэнт на адзін дзень”. Яны прыязджалі ва ўніверсітэт і ў якасці стажораў прысутнічалі на занятках, размаўлялі са студэнтамі і глядзелі, як пабудаваны вучэбны працэс”.

___________________________________________________________________________________________________________

Любімы прадмет — гісторыя

Арцёму Чабоцьку, які скончыў сярэднюю школу № 12 Слуцка, быць педагогам наканавана лёсам: ён — з дынастыі настаўнікаў і стане педагогам у чацвёртым пакаленні.

“Шчыра кажучы, спачатку хацеў паступаць на кірунак, які будзе звязаны з маркетынгам або правамі чалавека, — прызнаецца хлопец. — Калі перайшоў вучыцца ў 9 клас, задумаўся, што рабіць далей, кім я хачу стаць. Доўга разважаў і зразумеў, што мне больш даспадобы менавіта зносіны з дзецьмі, педагогіка. Да таго ж мама з татам нагадалі, што калі я быў маленькім, то хацеў стаць настаўнікам. Пасля чамусьці перадумаў, але ад лёсу не збяжыш, таму сёння я тут. (Усміхаецца.)

Мая мама Наталля Мікалаеўна ўсё жыццё выкладае хімію. Бабуля, Ганна Раманаўна Цярэшка, была настаўніцай беларускай і нямецкай моў, а прабабуля вучыла дзяцей гісторыі. Па татавай лініі мае дзядуля і бабуля таксама былі педагогамі. Яны працавалі выкладчыкамі ў Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце.

Што тычыцца мяне, то я паступаю на гістарычны факультэт і выбраў для сябе спецыяльнасць “Гісторыя і грамадазнаўчыя дысцыпліны”. Колькі помню, заўсёды любіў вывучаць прадмет “Чалавек і свет”. У 5 класе ў нас пачалася гісторыя. Дзякуючы настаўніцы Галіне Анатольеўне Краўчанка, гэты прадмет стаў для мяне любімым”.

 

Будучы псіхолаг

Першай у аўдыторыю, дзе праводзілася субяседаванне з будучымі студэнтамі БДПУ імя Максіма Танка, зайшла выпускніца сярэдняй школы № 13 Брэста Настасся Шпак.

Школу дзяўчына скончыла з сярэбраным медалём, а для далейшага навучання выбрала спецыяльнасць “Сацыяльная і псіхолага-педагагічная дапамога”. 

“У 10 класе я прыйшла вучыцца ў педагагічны клас па профілі “Гісторыя Беларусі і англійская мова”, — расказвае Настасся. — Падчас навучання ў нас быў факультатыў “Увя­дзенне ў педагагічнае жыццё”. Настаўніца, якая яго вяла, мяне натхніла. Гледзячы на тое, як яна выкладае, я таксама захацела стаць педагогам. Калі падзялілася сваімі планамі з баць­камі, яны мяне падтрымалі. Мне заўсёды падабалася зай­мацца з маленькімі дзецьмі. Помню, у пачатковых класах, калі настаўніцы трэба было выйсці на некалькі мінут з кабінета, яна пакідала мяне за старшую. У тыя моманты я ўжо ўяўляла сябе на месцы педагога. Пасля заканчэння ўніверсітэта буду працаваць псіхолагам у школе. Што тычыцца субяседавання, я не хвалявалася. Адказы на ўсе білеты ведала, мы вывучалі іх на факультатыве. Акрамя гэтага, рыхтавалася дома самастойна”.

Сярод выпускнікоў педуніверсітэта праводзіцца апытанне наконт таго, наколькі паспяхова яны адаптуюцца на рабочых месцах. Большасць з іх гавораць, што навучанне ў педагагічных класах дазваляе лепш асвойваць прафесію і больш эфектыўна працаваць у першы год работы.

 

Выбар відавочны

З дынастыі педагогаў таксама выпускніца гімназіі Браслава Аляксандра Лапінская. Яна стане настаўніцай у пятым пакаленні.

“Настаўнікамі былі браты маёй прапрабабулі, Міхаіл Максімавіч і Іван Максімавіч Дыбалі. У 1970-я гады Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт скончыла сястра маёй бабулі, Таццяна Дзмітрыеўна Саўліч, якая выкладала рускую мову і літаратуру. Па яе слядах пайшла мая мама, Таццяна Мікалаеўна. Яна скончыла гістарычны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы і ўжо 28 гадоў працуе настаўніцай гісторыі ў Браслаўскай гімназіі. Што тычыцца майго выбару, то на яго паўплывала мама і вопытныя прафесіяналы — самыя лепшыя педагогі маёй роднай Браслаўскай гімназіі”, — з хваляваннем пасля праходжання субяседавання дзеліцца Аляксандра.

Таццяна Мікалаеўна Лапінская, якая чакала дачку пад аўдыторыяй, пацвердзіла, што рашэнне Аляксанды стаць настаўніцай — усвядомленае і прынята самастойна. 

“Аднойчы Саша сказала, што таксама хоча стаць педагогам, — успамінае Таццяна Мікалаеўна. — Адгаворваць яе не стала. Адзінае — хочацца, каб наша прафесія вярнула сабе той прэстыж, які мела раней. Добра памятаю, калі я пасля заканчэння ўніверсітэта прыйшла на работу ў вясковую школу, са мной віталіся ўсе аднавяскоўцы. Тады вельмі паважалі і цанілі настаўнікаў, бо яны вучылі, давалі веды. Сёння, на жаль, адносіны не заўсёды такія. Але спадзяюся, што нашы дзеці будуць здольнымі змяніць сітуацыю”.

Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий