Каб дапамагчы дзецям апынуцца ў свеце эмацыянальных адкрыццяў, для выхаванцаў другой малодшай групы № 1 дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 1 Навагрудка быў праведзены тыдзень “Казачны калейдаскоп”. Яго мэтай стала абагульненне і пашырэнне ўяўленняў дзяцей пра казку.
Каб казка стала ўнікальным інструментам развіцця індывідуальных і творчых здольнасцей дзяцей, у групе ёсць казачны куток, дзе знаходзіцца шмат казак, карцінная галерэя ілюстрацый да казак, альбом “У гасцях у казкі”, дыдактычныя і слоўныя гульні, разразныя карцінкі, картатэка картак-схем “Складанне казак”, розныя віды тэатраў і іншая атрыбутыка, размалёўкі. Усё гэта дае магчымасць кожнаму выхаванцу яшчэ раз прыгадаць казку, запомніць яе, перажыць разам з героямі розныя сітуацыі, прааналізаваць іх учынкі, ацаніць іх, і ўявіць сябе на іх месцы, перанесці мадэль паводзін у рэальнае жыццё, знайсці адказы на многія пытанні.
Каб разабрацца, для чаго патрэбна казка, дзеці накіраваліся ў падарожжа, дзе і сустрэліся з Добрай Казачніцай, якая павяла іх па сваёй краіне казак, а дапамог падарожнікам чароўны клубочак.
Дзякуючы яму дзеці пабывалі на розных казачных сцежках, дзе іх чакала шмат выпрабаванняў. Апынуўшыся на сцежцы “Ты мне – я табе”, дзеці прыгадалі назвы казак па кароткіх урыўках і назвалі герояў гэтых казак. Далейшы шлях прайшоў праз сцежку “Раскажы мне”, дзе з дапамогай картак-схем малышы ўзгадалі казкі “Маша і Мядзведзь”, “Зайкава хатка”, “Церамок”, “Рэпка”. Гуляючы ў дыдактычныя гульні “Чацвёрты лішні”, “Цудоўная торбачка”, замацавалі набытыя веды і сацыяльны вопыт.
Далей клубок прывёў дзяцей на сцежку “Юны казачнік”, дзе патрэбна было прыдумаць сваю казачную гісторыю, а кожны з прысутных паспрабаваў сябе ў ролі казачніка ўзяўшы з сабой капельку фантазіі, уяўленага жадання, а самае галоўнае, паверыў у сваю творчую жылку і крышачку яе падштурхнуў – і ўсё атрымалася. Складаць казку было весела і пазнавальна, дзецям было цікава расказваць сваю казку простымі словамі і простымі сказамі, выкарыстоўваючы яркія апісальныя вобразы. Малышы актыўна гулялі голасам, гаворачы то галасней, то таямніча цішэй. Добрая Казачніца ацаніла дзіцячыя казкі і парадавала маленькіх казачнікаў падарункамі.
Скончылася падарожжа драматызацыяй казкі “Рэпка”. Свае ўражанні дзеці адлюстравалі ў малюнках, якія склалі ў альбом “У гасцях у казкі”. А самае галоўнае, даведаліся, што казка – народная мудрасць, сродак далучэння да жыцця людзей, да свету чалавечых лёсаў, прыемны і пазнавальны адпачынак.
Іна МАКСІМОВІЧ
выхавальнік дашкольнай адукацыі
дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 1 Навагрудка