Дзяцей чакаюць гульні, арэлі, пясочніца і маленькі агарод  

- 10:23ГРОДНЕНЩИНА, Инстаграм, Регионы

У Пархімаўскім яслях-садзе – базавай школе Бераставіцкага раёна лета сапраўды звонкае. Кожную раніцу з задавальненнем крочаць маленькія хлопчыкі і дзяўчынкі ў сваю краіну дзяцінства.

Больш здымкаў у Інстаграм @NG_PRESS.BY, кнопка для пераходу ў шапцы сайта

Задорныя галасы і звонкі смех абуджаюць ваколіцу. Бывае, што і слёзы пырснуць з вачанят, калі тата ці маці адпускаюць цёплую дзіцячую ручку, махаючы ім на развітанне. Але хутка выхавальнік і яго памочнік знаходзяць патрэбныя словы, каб замест слёз на твары з’явілася ўсмешка. А пасля сумаваць ужо і няма часу. Дзяцей чакаюць гульні, арэлі, пясочніца, горкі, прагулкі-знаёмствы з кветкамі, дрэвамі і іншай расліннасцю, якая насяляе садок.

А тут і да доктара на прыём трэба трапіць. Сёння прымае Раман Уладзіміравіч, заўтра Ганна Аляксандраўна… Добрыя ў нас дактары: выслухаюць, лекі прыпішуць і ўкол, калі трэба, зробяць. А калі здаровыя ўсе, то і папрацаваць можна.

На агародзе чакае кроп, пятрушка, бурачкі, морква, цыбуля. Усё патрабуе догляду. Дзіцячыя ручкі спрытна цягнуцца за пустазеллем. “А я малайчынка? А я…. а я…?” – наперабой пытаюцца маленькія працаўнікі. “Добра ўсе папрацавалі, малайцы!” – чуюць у адказ выхаванцы. Калі напрацаваліся, абед здаецца такім смачным. “А вось і бурачкі, а вось і морквачка, якую мы палолі з вамі”, – кажа выхавальнік. Маленькія вачаняткі зморвае сон. Гледзячы на іх, думаеш: спяць, мае маленькія працаўнікі.

Хутка пралятае летні дзянёк з яго гульнямі і забавамі. Прыходзіць час развітання. Заўтра чакае новы дзень і новыя адкрыцці…

 

Валянціна БУРАК,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
Пархімаўскага ясляў-сада – базавай школы Бераставіцкага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий