Настаўнік фізікі і матэматыкі Філатаўскага дзіцячага сада – сярэдняй школы Круглянскага раёна Алег Токараў праводзіць свой дзясяты сезон на ўборачнай кампаніі. У летнія дні педагог ужо традыцыйна для сябе становіцца старшым аператарам зернесушыльнага комплексу.
Работа аператара ключавая на збожжатоку. Каб захаваць сабраны ўраджай, трэба шмат ведаць, умець аптымальна наладзіць тэхналагічны працэс.
– У кожнай збожжавай культуры свае падыходы ў апрацоўцы. А трэба яшчэ пастаянна кантраляваць час, тэмпературу прасушкі. Улічваць шмат іншых значных дробязяў, каб комплекс працаваў без перабояў і ў сховішчы было дастаўлена якаснае зерне. Працоўны дзень у нас часта ненармаваны. Пакуль усё збожжа не будзе апрацавана – дадому не сыходзім. Бывае, што працуем і ноччу. Выхадных таксама няма. Але мяне такая загрузка не пужае. Сам вырас у вёсцы, школьнікам хадзіў працаваць на ток, таму не па чутках ведаю, як цяжка дастаецца хлеб. Магчыма, з гэтай прычыны і пайшоў на КЗС. Гаспадарцы ў гарачую пару ўборачнай патрэбны былі людзі на падмогу. Кіраўнік калгаса звярнуўся да педагогаў. А ў нас як раз перыяд водпускаў. Не змог сядзець склаўшы рукі, – расказаў Алег Токараў.
Зараз ні адна ўборачная кампанія ў гаспадарцы ўжо не абыходзіцца без Алега Якаўлевіча. Пад яго кіраўніцтвам праца на збожжатоку спорыцца. Не аднойчы настаўнік выходзіў у перадавікі ўборачнай па раёне.
Ганна СІНЬКЕВІЧ