Пабудавалі “Экалагічны мост”

- 10:19ВИТЕБЩИНА, Регионы

У трохдзённым семінары-практыкуме “Экалагічны мост”, які прайшоў на тэрыторыі рэспубліканскага заказніка “Сіньша”, прынялі ўдзел школьнікі Расонскага раёна, педагогі і наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў і грамадзян пажылога ўзросту тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Мерапрыемства было арганізавана ў рамках праекта “Развіццё экалагічнага турызму для садзейнічання зялёнаму пераходу да інклюзіўнага і ўстойлівага росту”, што стартаваў у раёне і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН у партнёрстве з Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь (фінансуецца Расійскай Федэрацыяй). Мэта праекта – развіццё экалагічнага турызму на асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях і ўзмацненне супрацоўніцтва паміж прыватнымі кампаніямі, дзяржаўнымі прыродаахоўнымі ўстановамі і мясцовым насельніцтвам. У лік пілотных асабліва ахоўных прыродных тэрыторый увайшоў заказнік рэспубліканскага значэння “Чырвоны Бор”, якім кіруе ДПУ “Эка-Росы”.

Сярод асноўных напрамкаў рэалізацыі праекта – стварэнне ў нашай краіне сеткі клубаў юных эколагаў. Адзін з іх з’явіўся ў Клясціцкай дзіцячым садзе – сярэдняй школе імя У.А.Хамчаноўскага, размешчанай паблізу “Чырвонага Бора”. Менавіта для яе навучэнцаў, хто ўваходзіць у аб’яднанне, і людзей з інваліднасцю было вырашана правесці семінар-практыкум “Экалагічны мост”.

Удзельнікі змаглі бліжэй пазнаёміцца з біяразнастайнасцю заказніка і больш даведацца пра ролю чалавека ў ахове навакольнага асяроддзя. У правядзенні мерапрыемства дапамаглі валанцёры з Расон і Ашмян Гродзенскай вобласці. Дарэчы, падобныя семінары-практыкумы будуць арганізаваны для членаў яшчэ трох клубаў юных эколагаў з Асвейскай сярэдняй школы Верхнядзвінскага раёна, а таксама Азёрскай сярэдняй школы і сярэдняй школы № 1 Валожына Гродзенскай вобласці.

Пра работу клуба юных эколагаў з Клясціц цікава і змястоўна расказала яго кіраўнік Тамара Протас.

Гульні на свежым паветры, кава-паўза – і ўдзельнікі семінара-практыкума адпраўляюцца на пляж “Залатыя пяскі” возера Валоба. Да дзівосных краявідаў гэтага месца, гаючага хваёвага паветра, залатога пяску і празрыстай азёрнай вады складана прывыкнуць. Кожны раз – як упершыню, шчыра захапляешся…

Менавіта тут арганізатары запланавалі правядзенне экалагічнага квэсту “Захоўвайце цуд з цудаў: лясы, азёры, сінь нябёсаў”. Дарослыя і дзеці падзяліліся на дзве каманды. Ім трэба было прайсці чатырнаццаць экалагічных выпрабаванняў. Ды яшчэ якіх! Знайсці “скарбы” па карце, адказаць на няпростыя пытанні віктарыны “Насякомыя”, адгадаць крыжаванку, вызначыць ядомыя і неядомыя грыбы, суаднесці дрэвы і іх лісце, пазнаць жыхара лесу па следзе, прайсці “люстраны” тэст і мноства іншых цікавых заданняў.

Каманды паўтарылі правілы бяспечных паводзін на вадзе і падчас навальніцы, больш даведаліся пра Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь, інвазійныя віды раслін і жывёл, выпрабавалі свае сілы, веды і творчыя здольнасці ў блоках экалагічнай адукацыі і асветы, далучыліся да флэшмобу. Усім вельмі спадабаліся аглядная экскурсія па заказніку “Сіньша” з наведваннем месцаў адпачынку і выступленні ўдзельнікаў клуба юных эколагаў.

Завяршэннем трохдзённага экалагічнага марафону стала абмеркаванне далейшага супрацоўніцтва прыродаахоўнай установы і клуба юных эколагаў. Усе ўдзельнікі семінара-практыкума атрымалі памятныя падарункі, а аб’яднанню былі перададзены метадычныя дапаможнікі, спецыяльная літаратура і буклеты.

 

Аляксей ВАРАТЫНСКІ,
начальнік Расонскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий