Правесці дні канікул у вандроўках прапануюць школьнікам у Быхаўскім цэнтры турызму, краязнаўства і экскурсій. На працягу ўсіх летніх месяцаў педагагічны калектыў гэтай навучальнай установы арганізуе для дзяцей розныя мерапрыемствы з турысцкім каларытам.
– У асноўным гэта рэгулярныя непрацяглыя паходы па адметных мясцінах роднага краю, памятных мемарыялах салдатам Вялікай Айчыннай вайны, выхады ў музеі. Галоўная іх мэта – не толькі захапіць дзяцей карыснай занятасцю, але і бліжэй пазнаёміць іх з гісторыяй, культурай і асаблівасцямі малой радзімы. Ладзім таксама выязныя экскурсіі па прасторах краіны, далучаем вучняў да ўдзелу ў тэматычных рэспубліканскіх акцыях, – расказала метадыст Ала Замяціна.
Не забываюцца ў Цэнтры і пра аздараўленне. Ужо больш за дваццаць гадоў пад эгідай установы ў раёне функцыянуе турысцка-краязнаўчы палатачны перасовачны лагер з кругласутачным знаходжаннем “Брыганціна”. Сёлета працавалі тры аздараўленчыя змены па дзевяць дзён. Усяго адпачынкам былі ахоплены 45 навучэнцаў. Школьнікі адпраўляліся ў сапраўднае падарожжа. Усе змены прайшлі маршрут працягласцю ў 22 кіламетры. З адной стаянкі на іншую дзеці пераходзілі на байдарках, сплаўляючыся па рацэ Друць і Чыгірынскім вадасховішчы. Кожны дзень у лагеры быў насычаны падзеямі.
Ганна СІНЬКЕВІЧ