Цікавае мерапрыемства “У гістарычнай памяці сіла і адзінства беларускага народа” прайшло ў гродненскай школе

- 16:33ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

Напярэдадні Дня ведаў, на базе сярэдняй школы № 22 імя І. П. Бохана г. Гродна, адміністрацыя Галоўнага статыстычнага ўпраўлення Гродзенскай вобласці арганізавала цікавую святочную праграму “У гістарычнай памяці сіла і адзінства беларускага народа”. А прыйшлі работнікі са сваімі дзеткамі.  

Члены калектыва Галоўнага статыстычнага ўпраўлення Гродзенскай вобласці цесна супрацоўнічаюць і падтрымліваюць шчырыя адносіны з нашай школай. Яны з’яўляюцца нашымі сябрамі і частымі гасцямі.

У першую чаргу наведалі гістарычны Музей партызанскай славы. Ён налічвае 13 экспазіцый. І ў бацькоў, і ў падлеткаў было трывожна-роздумна і балюча  на душы:  калацілася сэрца,  а ў вачах з’явіліся слёзы ад убачанага і пачутага аповеда. Што асабліва запомнілася, узрушыла, усхвалявала ўсіх прысутных? 

Бохан Іван Паўлавіч (1927-2016) удзельнік партызанскага руху ў Беларусі, ветэран Вялікай Айчыннай вайны. Занесены ў Кнігу славы Гродна. Яго імя з гонарам носіць наша ўстанова адукацыі. Менавіта па яго ініцыятыве ў школе быў створаны музейны пакой, прысвечаны партызанскаму руху Гродзеншчыны, а затым прысвоены статус музея. Развярэдзілі душу наведвальнікаў трагічныя моманты сямейнай драмы партызана- падпольшчыка: за сувязь з партызанскім атрадам імя Чапаева маці, бацьку, брата і сястру 16-гадовага Івана схапілі немцы і расстралялі… Усе прысутныя з цікавасцю слухалі, разглядалі багаты матэрыял, прадстаўлены ў музеі. Запомніўся дзецям абарудаваны бліндаж, дзе партызаны адпачывалі перад чарговым боем: швейная машынка , асабістыя рэчы, газета-заклік да барацьбы з ворагам, гармонь і іншыя прадметы. Дзяўчынкі і хлопчыкі, а таксама дарослыя ўважліва слухалі настаўніка, задавалі шмат пытанняў, калі ўбачылі макет канцлагера, экспанаты з поля боя, пачулі цікавыя звесткі пра аперацыю “Баграціён”.

Такім чынам, своеасаблівы ўрок збалелай памяці бясследна не знікне, не павінен знікнуць. На прыкладзе гераічных ваенных падзей фарміруе пачуццё глыбокага патрыятызму, ушаноўвае подзвігі барацьбітоў з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, антыгуманную сутнасць вайны і ўсенародны характар барацьбы з ёй.

Затым усе разам перайшлі ў музейны пакой, прысвечаны 100-годдзю Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. З якім захапленнем слухачы ўспрымалі змястоўную карысную інфармацыю кіраўніка па ваенна-патрыятычнаму выхаванню. Усе ўсвядомілі важную ісціну: мы заўсёды павінны абараняць нашу Радзіму.

Напрыканцы святочнага мерапрыемства шаноўныя госці завіталі ў этнаграфічны музей “Зямля бацькоў”. Усе разам павандравалі па  гістарычных лабірынтах даўніны-гісторыі, мелі магчымасць убачыць сваімі вачыма тыя рэчы, прадметы паўсядзённага сялянскага ўжытку, якімі актыўна карысталіся нашы прабабулі і прадзядулі: паспрабавалі збіць масла , запаліць ліхтар, папрасаваць адзенне, вышыць ручнік, сплесці кошык, выткаць посцілку, дастаць ухватам з печы чыгунок з бульбай…. Дзецям было незвычайна, што ў той далёкі час не было шафы, дзе захоўвалася адзенне, не было ложкаў, таму спалі на шырокіх лавах, на печы, нават на падлозе.

Успаміны аб вясковым жыцці растрывожылі душы бацькоў, яны нагадалі родныя мясціны, родны падворак, па якім грацыёзна і паважна хадзіў гаспадар-пеўнік, матчыну гаворку. Усе гэтыя хатнія экспанаты, нягледзячы на тое, што пакрыліся пылам часу, грэюць сямейным цяплом і ўтульнасцю.

Затым дзяцей чакалі спартыўныя спаборніцтвы. Яны разам з бацькамі з задавальненнем і асалодай  удзельнічалі ў разнастайных конкурсах, гульнях, эстафетах.

І дарослыя, і падрастаючае пакаленне пераканаліся ў тым, што нашы продкі пакінулі сваім нашчадкам тое, што не паддаецца грашоваму вымярэнню, бо належыць да неацэннага духоўнага і матэрыяльнага скарбу, звязанага з жыццём беларускага народа: любоў да зямлі, спрадвечную мову, гістарычную памяць.

 

 

Валянціна ЯТКОЎСКАЯ,
кіраўнік этнаграфічнага музея “Зямля бацькоў”
сярэдняй школы № 22 імя І. П. Бохана г. Гродна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий