Апошняя класная гадзіна ўжо прайшла для выпускнікоў Маларыцкай гімназіі

- 14:13БРЕСТЧИНА, Регионы

У мінулым навучальным годзе 11 “А” клас Маларыцкай раённай гімназіі скончылі 24 чалавекі. На павышаным узроўні адна група вывучала матэматыку і фізіку, другая ‒ біялогію і хімію. Па выніках сёлетняй уступнай кампаніі студэнтамі ўстаноў вышэйшай адукацыі краіны сталі 22 чалавекі.

Былыя гімназісты будуць набываць спецыяльнасці ў Брэсце, Мінску, Гродне, Віцебску, Гомелі і Пінску. Пасля заканчэння вучобы стануць ўрачамі, інжынерамі, спецыялістамі ІТ-сферы, юрыстамі, біятэхнолагамі, эканамістамі, лагістамі і лагапедамі. 

‒ Радуе, што 20 маіх выпускнікоў паступілі на бюджэтную форму навучання, ‒ гаворыць класны кіраўнік Нэлі Шпетная. ‒ За два гады, якія навучаліся ў адным класе, мы моцна пасябравалі, сталі сапраўднымі аднадумцамі. Маіх выхаванцаў будзе вельмі не хапаць. У архіве застануцца шматлікія граматы, дыпломы, пахвальныя лісты і падзякі, заваяваныя на розных інтэлектуальных, творчых і спартыўных спаборніцтвах, а ў памяці – самыя яркія моманты класнага жыцця, незабыўныя экскурсіі, паходы, спартыўныя мерапрыемствы, працоўныя дэсанты, розныя фестывалі, музычныя конкурсы… Мы разам умелі весяліцца і працаваць, перажываць няўдачы і горыч расчараванняў, у любы момант дапамагалі адно аднаму.

Перад ад’ездам на вучобу былы 11 “А” клас прыйшоў ва ўстанову адукацыі на апошнюю класную гадзіну, якая нязвыкла зацягнулася. Ніхто нікуды не спяшаўся. Было пра што пагаварыць і што ўспомніць. Дзяўчаты і юнакі дзяліліся планамі на будучыню.

На развітанне Нэлі Шпетная пажадала ім поспехаў ў ажыццяўленні задуманага і запрасіла на чарговую класную гадзіну праз паўгода, у лютым, пасля здачы зімовай сесіі. Былы 11 “А” клас такую прапанову з радасцю прыняў.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара  па вучэбна-метадычнай рабоце
Маларыцкай раённай гімназіі,
фота аўтара.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий