Маларыцкі лясгас стаў першым месцам работы для чатырох маладых спецыялістаў, якія пад кіраўніцтвам вопытных калег будуць рэалізоўваць на практыцы набытыя веды, уменні і ідэі, ісці да вяршынь майстэрства.
– Наша маладое папаўненне, акрамя Хрысціны Мельнік, ураджэнцы Маларытчыны, – расказвае намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Маларыцкага лясгаса Людміла Губей. – Яны вучыліся па мэтавым накіраванні, праходзілі ў нас вытворчую і пераддыпломную практыку, а цяпер вярнуліся на малую радзіму дыпламаванымі спецыялістамі.
Памочнікам ляснічага Пажэжынскага лясніцтва пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта працаўладкавалася Хрысціна Мельнік. Яна родам з Гомеля, але з мужам пераехала на Маларытчыну. Жыве ў вёсцы Новае Раматова.
– Пераддыпломную практыку праходзіла ў Маларыцкім лясгасе, – гаворыць Хрысціна. – Прынялі ў калектыве добра. Адаптавалася хутка. Асаблівая падзяка ляснічаму Сяргею Касянюку і майстрам лясніцтва. Справа, якую выбрала, падабаецца. Люблю прайсціся па лесе, застаўшыся сам-насам з прыродай, удыхнуць лясное паветра з пахам хвоі і моху, паслухаць птушыныя спевы. Лес стаў маім лёсам, марай, якая збылася.
Майстрам лесу ў Маларыцкім лясніцтве працуе Іван Касянюк. Ён таксама закончыў Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт.
– Я павінен адпрацаваць у лясгасе 5 гадоў, – расказвае Іван. – Тут праходзіў практыку, таму ўжо знаёмы са спецыфікай работы і калектывам. Калегі падтрымліваюць мяне, дапамагаюць ва ўсім. Будучую спецыяльнасць усвядомлена выбіраў сам, паколькі з дзяцінства люблю лес, падабаецца прырода. Вольнага часу мала. Імкнуся дасканала разабрацца ва ўсіх нюансах і тонкасцях сваёй прафесіі.
Дзмітрый Бурштын прызначаны на пасаду майстра лесу Ужоўскага лясніцтва. Ён – выпускнік Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта.
– Работа складаная, але і цікавая, – адзначае Дзмітрый. – Лясы падзелены на кварталы. За лесніком замацаваны некалькі кварталаў, а майстар лесу павінен дасканала ведаць усю тэрыторыю лясной гаспадаркі лясніцтва. Мне даводзіцца, напрыклад, займацца лесанарыхтоўкамі, адводамі лесасек пад высечку, праводзіць штодзённы ўлік і адпраўку лесу. У жыцці вельмі важна займацца той справай, якую любіш і якая прыносіць радасць і задавальненне. Мая справа – з такіх!
Пасля заканчэння Полацкага ляснога каледжа майстрам лесу ў Олтушскае лясніцтва прыйшоў працаваць Максім Пракапук.
– У Маларыцкі лясгас вярнуўся па мэтавым накіраванні на 2 гады, – расказвае Максім. – Працую з задавальненнем. Работа лесавода адказная, патрабуе дакладнасці, уважлівасці і шматлікіх ведаў. А каб іх было больш, вырашыў набыць яшчэ вышэйшую адукацыю, для чаго паступіў на завочнае навучанне ў Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт. Пасля адпрацоўкі не планую шукаць іншае месца работы. Ім, першым і апошнім, думаю, будзе Олтушскае лясніцтва.
Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце
Маларыцкай раённай гімназіі,
фота аўтара.