Ці неабходна прафесійнае суправаджэнне і ментарская падтрымка настаўнікам — абмяркуем з кандыдатам педагагічных навук начальнікам Каардынацыйнага цэнтра “Адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця” БДПУ імя Максіма Танка Інесай ЗУБРЫЛІНАЙ.
— Інеса Уладзіміраўна, ці мелі вы сувязь з вышэйшай школай у самым пачатку свайго педагагічнага шляху?
— Ведаеце, мне пашчасцiла мець гэтую сувязь, захаваць яе, i сёння я магу падзякаваць кіраўніку сваёй дыпломнай работы па тэме “Педагагічная тэхніка і майстэрства настаўнiка” Таццяне Паўлаўне Лявонцьевай, былому загадчыку кафедры методыкі выкладання замежнай мовы Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, за падтрымку i вопыт, якiя я атрымала ад яе студэнткай, i, безумоўна, за карысныя парады, якiя мне дапамагаюць i сёння.
На мой погляд, любому маладому настаўніку неабходны старэйшы больш дасведчаны дарадчык, якi растлумачыць, накiруе i падтрымае. Але не заўсёды на першым працоўным месцы нашы маладыя калегi асмельваюцца звяртацца па дапамогу, часцей за ўсё яны капіруюць сваіх школьных настаўнікаў. У свядомасцi кожнага педагога існуе пэўная мадэль — зборны вобраз або прыклад канкрэтнай асобы, якая паўплывала на выбар прафесіі. I падчас студэнцкай практыкі ці першых гадоў настаўніцтва маладыя педагогi прымерваюць на сябе гэты вобраз і выкарыстоўваюць у сваёй практыцы тыя прыёмы i падыходы, якія ў iх школьныя гады здаваліся найбольш эфектыўнымі і цікавымі.
Безумоўна, на нас значна ўплываюць і калегі. Бiзнесмены часта выкарыстоўваюць тэрмiн “бенчмаркінг” (ад англ. Benchmark — крытэрый, арыенцір), якi азначае набор методык, што дазваляюць вывучыць вопыт канкурэнтаў і ўкараніць лепшыя практыкі ў сваёй кампаніі. У педагогiцы гэтая стратэгiя таксама вельмi карысная. На мой погляд, узаеманавучанне і супрацоўніцтва, разумнае падгляданне, перайманне і капіраванне больш вопытных калег — гэта своеасаблівая школа росту для маладых педагогаў.
Інеса ЗУБРЫЛІНА — вядомы айчынны настаўнік-профі замежнай мовы. Яна прайшла насычаны шлях прафесійнага развіцця і росту. А стаўшы пераможцай Рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года — 2011”, аб’ехала ледзь не ўсю краіну, праводзячы для калег майстар-класы, семінары і адкрытыя ўрокі. Сёння яна ўзаемадзейнічае не толькі з калегамі-настаўнікамі, але і са студэнтамі — будучымі педагогамі.
І тут мне таксама пашанцавала, таму што падглядала я за настаўнікамi з дзяцiнства — вырасла за апошняй партай. Я трынаццаты настаўнік у сваёй сям’і, таму ў мяне было шмат мадэлей для пераймання. Каштоўнасныя арыенціры, стаўленне маіх родных да прафесіі, да дзяцей і калег — усё гэта вельмі моцна паўплывала на мяне. I нiкiм, акрамя настаўніка, я сябе не ўяўляла.
Свае першыя настаўніцкія гады правяла на малой радзіме ў Дзятлаўскай гімназіі ў Гродзенскай вобласці, школе, дзе раней працавалi мае дзядуля i бабуля.
Мой першы вопыт узаемадзеяння з выкладчыкамi вышэйшай школы таксама звязаны з кафедрай замежных моў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, разам мы рэалізавалі не адзін інавацыйны праект. А вопыт работы з адоранымi вучнямi, даследчая дзейнасць, алiмпiядны рух — усё гэта ў маiм прафесiйным жыццi пачыналася дзякуючы метадыстам Гродзенскага інстытута развіцця адукацыі. Больш за тое, там пачалося знаёмства з вопытам калег з іншых рэгіёнаў і супрацоўнiцтва, якое цягнецца i сёння.
Пасля перамогi ў конкурсе “Настаўнік года” мне ўжо самой давялося прымераць на сябе функцыю мадэратара, працуючы з настаўнікамi ў розных рэгіёнах краіны. Сёння гэты перыяд я ўзгадваю з удзячнасцю, бо ён даў магчымасць не спыніцца ў сваім прафесійным развіцці. Памятаю, як мае калегі пасмейваліся, гаворачы, што я еду не на семінары, а на гастролі, бо мае сустрэчы з настаўнікамі заўсёды былі масавымі — у памяцi засталiся ўрокi, якiя праводзiла з мiкрафонам у спартыўных i актавых залах, дзе прысутнiчала больш за сто настаўнiкаў-гледачоў. Першыя гады пасля конкурсу былi вельмi насычанымi, i, напэўна, гэта была мая галоўная прафесiйная школа. Конкурс “Настаўнік года” стаў своеасаблівым трамплінам. І сёння магу з упэўненасцю сказаць, што тыя, хто прайшоў фiнал i застаецца ў гэтым руху пасля конкурсу, становяцца сапраўднымi прафесiяналамi, на якіх пасля раўняюцца. Сярод “крыштальных жураўлёў” — аўтары падручнікаў, настаўнікі-метадысты, выкладчыкi УВА, якiх ведаюць не толькi ў нашай краiне. Беларускія “жураўлі” маюць цесныя сувязі з расійскімі “пеліканамі”, актыўна дэманструюць свой вопыт. Напрыклад, ужо некалькі гадоў запар пераможцы беларускага конкурсу працуюць з расійскімі і казахскімі пераможцамі на базе Чачэнскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта, дзе праходзіць форум педагагічных майстэрань настаўнікаў года.
Конкурс “Настаўнік года” — гэта своеасаблівы трамплін. І тыя, хто застаецца ў гэтым руху пасля яго, становяцца знакавымі асобамі — аўтарамі падручнікаў і настаўнікамі-метадыстамі, на якіх раўняюцца.
Пераехаўшы ў Мінск, я сумяшчала работу выкладчыка кафедры паслядыпломнай моўнай адукацыi ў Інстытуце павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі МДЛУ i настаўніка замежнай мовы ў гімназіі № 24, дзе ішла апрабацыя падручнікаў для 10—11 класаў школ з паглыбленым вывучэннем замежнай мовы, суаўтарам якога была і я. Мне даводзілася на сваіх вучнях апрабоўваць вучэбныя матэрыялы, а пасля аналiзаваць іх са сваiмi калегамi. Лiчу, што прынцып “роўны вучыць роўнага” з’яўляецца вельмi карысным. Слухачы маіх заняткаў разумелі, што я практык, які штодзень сутыкаецца з аналагічнымі цяжкасцямі і адкрыта дзеліцца ўласнымі знаходкамі. Для мяне гэтае ўзаемадзеянне таксама было вельмi важным, бо я атрымлівала зваротную сувязь і сама была “ў прафесiйнай форме” — трымала планку.
Да таго ж я вельмі ўдзячна Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, дзе на працягу дзесяцi гадоў праводзiла аўтарскую школу для настаўнікаў замежнай мовы. Там я скончыла аспірантуру, здала экзамен на атрыманне кваліфікацыйнай катэгорыі “настаўнік-метадыст”, што стала яшчэ адным значным этапам майго прафесiйнага жыцця. З 2014 года ўзначальваю Асацыяцыю настаўнікаў-метадыстаў “Iмкненне”, з’яўляюся членам экзаменацыйнай камiсii. Дзякуючы гэтаму, маю ўнiкальную магчымасць знаёміцца з вопытам сапраўдных прафесiяналаў i ўдасканальваць асабiстыя міжпрадметныя кампетэнцыi, у прыватнасцi, у дачыненнi да методык выкладання практычна ўсіх прадметаў. Вопыт узаемадзеяння з настаўнікамi-метадыстамi дапамагае мне ў рабоце са студэнтамi: на занятках па педагогiцы з гiсторыкамi цi матэматыкамi я забываюся, што я настаўнік замежнай мовы, і з лёгкасцю ілюструю спецыфіку той ці іншай педагагічнай тэхналогіі, выкарыстоўваючы вопыт калег, перш за ўсё настаўнікаў-метадыстаў.
— Зараз вы больш прадстаўнік вышэйшай школы, ці змянілася ваша стаўленне да ўзаемадзеяння настаўнікаў i выкладчыкаў?
— Існуе разуменне гарызантальнага прафесійнага развіцця і вертыкальнага. У маім выпадку гэта спіраль ДНК з-за сумяшчэння дзвюх паралельных вектараў маёй прафесiйнай дзейнасцi. Амаль дзесяць гадоў я працую ва ўнiверсiтэце, але дагэтуль не магу развiтацца са школай. I, шчыра кажучы, НЕ ХАЧУ! Дзякуй богу, я працую з дзецьмі, такая практыка — стрыжань маёй прафесійнай дзейнасці, яна дазваляе ўвесь час рэфлексаваць, удасканальвацца і развівацца ў прафесіі. У спорце ёсць такое паняцце — практыкуючы трэнер, гэта на сто працэнтаў пра мяне. I маё стаўленне да ўзаемадзеяння настаўнікаў i выкладчыкаў не змянiлася, яно неабходна, яно ўзбагачае, развівае, адкрывае новыя перспектывы і гарызонты для прафесійнага развіцця.
— Вашы калегі-педагогі калі-небудзь прызнаваліся, што маюць патрэбу ў ментарах — куратарах з вышэйшай школы?
— Ведаеце, назiраючы за настаўнікамi рознага ўзросту, я ўбачыла адну заканамернасць: маладыя настаўнікi, прыходзячы ў школу, актыўна асвойваюць педагагічны інструментарый — апрабуюць мноства педагагiчных прыёмаў, тэхналогiй, сродкаў навучання i г.д. І з пункту гледжання практыкі зрабіць гэта прасцей дзякуючы цеснаму ўзаемадзеянню з больш дасведчанымi калегамі. Аднак, калі настаўнік дасягае пэўнага прафесійнага ўзроўню і пачынае аналізаваць эфектыўнасць і выніковасць сваёй педагагічнай дзейнасці, ён часта стукае ў дзверы вышэйшай школы, бо яму неабходны кампетэнтнасны “погляд з боку”, дапамога эксперта, які зможа сістэмна прааналізаваць i недахопы, i дасягненні, растлумачыць, чаму тут атрымалася, а тут не.
Комплекснасць і глыбіннасць педагагічнай работы прыходзяць з вопытам. Адпаведна і неабходнасць у падтрымцы ўніверсітэцкімі выкладчыкамі ўзнікае ў больш дасведчаных настаўнікаў.
У адрозненне ад маладых педагогаў, якiя часта імкнуцца зрабіць урок эфектным, больш сталыя калегi разумеюць, што ўрок павінен быць перш за ўсё эфектыўным, а гэта — вынік сістэмнай і вельмі карпатлівай настаўніцкай працы. Комплекснасць і глыбіннасць педагагічнай работы прыходзяць з гадамi. Адпаведна і неабходнасць у падтрымцы ўніверсітэцкімі выкладчыкамі ўзнікае ў больш дасведчаных і сталых настаўнікаў.
— Ці ўдаецца стварыць сапраўды партнёрскія адносіны паміж настаўнікамі і прадстаўнікамі вышэйшай школы?
— Тут усё вельмі індывідуальна. Што тычыцца настаўнікаў, зацікаўленых у сваім прафесійным развіцці і дасягненнях сваіх вучняў, то існуюць розныя магчымасці ўзаемадзеяння. Па-першае, вялікая колькасць школ супрацоўнічае з УВА ў кантэксце інавацыйных праектаў цi эксперыментальнай дзейнасцi, дзе выкладчыкі выступаюць у ролi кансультантаў. Па-другое, ёсць эфектыўны вопыт школ, якiя з’яўляюцца фiлiяламi кафедр i становяцца пляцоўкамі для правядзення даследаванняў. Па-трэцяе, iнавацыйныя формы ўзаемадзеяння, напрыклад, ноу-хау БДПУ — “Навуковая крама”, структура, якая выступае пасрэднікам паміж школамі і ўніверсітэтам i аказвае навукова-даследчую, метадычную, кансультатыўную і асветніцкую дапамогу па забеспячэнні адраснай навукова-метадычнай падтрымкі суб’ектам адукацыі і сацыяльнай сферы.
— Інеса Уладзіміраўна, з’яўляючыся ментарам, якімі прафесійнымі знаходкамі вы дзеліцеся з настаўнікамі?
— Працяглы перыяд майго жыцця быў звязаны з інфармацыйна-камунікацыйнымі тэхналогіямі, гэтай тэме была прысвечана дысертацыя. Зараз у прыярытэтах перш за ўсё адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця, надпрадметныя і міжпрадметныя сувязі, выхаваўчы патэнцыял урока. У кантэксце нашай размовы вялiкую цікавасць у мяне выклікае новы трэнд — хьютагогіка, звязаная з самастойным навучаннем. Настаўнік — гэта вечны студэнт, канечне, выдатна, калі ў цябе ёсць ментар — старэйшы калега альбо метадыст, які цябе каардынуе, аднак не ўсім так шанцуе і не ў кожнага ёсць магчымасць даехаць да сталіцы, таму, на мой погляд, будучыня за самаадукацыяй і мікранавучаннем.
— На календары — 2 верасня. Чаго хочацца пажадаць усім сваім калегам?
— Перш за ўсё, прафесійнага задавальнення, новых напрамкаў i шляхоў прафесiйнага развiцця, жаданняў i магчымасцей рухацца наперад! I, безумоўна, надзейнага тылу, душэўнага спакою, паразумення ў сям’і, падтрымкі калег і новых прафесійных дасягненняў!
Гутарыла Вольга АНТОНЕНКАВА