Патрабаванне часу

- 17:10В СВЕЖИХ НОМЕРАХ "НАСТАЎНІЦКАЙ ГАЗЕТЫ"

У грамадстве пачалося абмеркаванне шляхоў паляпшэння сістэмы адбору ва ўстановы вышэйшай адукацыі. Прэзідэнт не раз падкрэсліваў, што неабходна выпрацаваць дакладную і зразумелую ўсім сістэму адбору ва УВА з магчымасцю бачыць асобу абітурыента. Таму мы звяртаемся да вас, паважаныя педагогі, за зваротнай сувяззю па гэтым пытанні. Якой, на ваш погляд, павінна быць сістэма адбору абітурыентаў? Свае меркаванні дасылайце на адрас рэдакцыі.

Кацярына МЕ­ЛІХАВА, настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 20 імя Героя Савецкага Саюза Д.М.Карбышава Брэста:

— Цэнтралізаванае тэсціраванне праводзіцца ў нашай краіне з 2005 года. За гэты час змяняўся яго і змест, і фармат. Бягучы навучальны год з’яўляецца эксперыментальным па пераходзе да цэнт­ралізаванага экзамену. Каб зразумець, ці неабходны ЦТ пэўныя змяненні, трэба пра­аналізаваць тэставыя матэрыялы ў параўнанні. Для прыкладу можна ўзяць тэсты 2006, 2010 і 2021 гадоў. 

Арфаграфічная частка (заданні па правапісе) амаль не змянілася: уставіць літару, адзначыць правільна напісаныя словы і інш. Гэтыя заданні для вучняў, якія веда­юць правілы арфаграфіі, не ўяўляюць цяжкасцей. 

А вось фанетычная частка зменшылася. Знікла заданне на вызначэнне націскных складоў, якое было ў 2006 і 2010 гадах. Мы часта звяртаем увагу на тое, што дзеці няправільна, “непрыгожа” размаўляюць. Адна з прычын — тэставыя заданні перасталі “ву­чыць” гутарцы. Засталося толькі напісанне.

Праўда, з’явілася заданне, якое не выканаеш, не ведаючы норм маўлення ў межах тэмы “Словазлучэнне”. Так, у 2006 і 2010 гадах патрабавалася вызначыць від падпарадкавальнай сувязі, што не выклікала цяжкасцей. А вось летась школьнікам прапаноўвалася ўжо адзначыць сінтаксічную канструкцыю, што адпавядае норме літаратурнай мовы, для чаго трэба было ведаць не тры віды падпарадкавання, а больш за 100 словазлучэнняў з асаблівасцямі кіравання і дапасавання.

Пунктуацыйная частка ў ЦТ за ўсе гады амаль не змянілася. На мой погляд, яна самая структураваная, дасканалая і зразумелая.

Што тычыцца заданняў часткі В, то 1—6 з іх па раздзеле “Марфалогія” і 10 па раздзеле “Марфеміка” варта вярнуць у блок А з варыянтамі адказаў. Частка В, лічу, павінна раскрываць творчыя здольнасці вучняў. А для гэтага добра падыходзяць тэмы “Лексікалогія” і “Фразеалогія”. 

У ЦТ 2006 года былі заданні на размежаванне амонімаў і мнагазначных слоў, замену няправільна ўжытых слоў, а летась заданні істотна спрасціліся. Напрыклад, выбраць слова з двух прапанаваных паронімаў. 

На маю думку, складальнікам заданняў ЦТ і яго арганізатарам варта памятаць, што тэсціраванне павінна выяўляць не столькі веданне правіл падручніка, колькі ўменне валодаць вуснай мовай, выказвацца, гаварыць. А гэтага можна дасягнуць, дадаўшы заданні па лексікалогіі і стылістыцы адкрытай формы — без выбару гатовых адказаў.

 

Мікалай НАВУМЧЫК, настаўнік беларускай мовы і літаратуры, намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі:

— Цэнтралізаванае тэсціраванне — дастаткова аб’ектыўны спосаб  праверкі вучнёўскіх ведаў, які стварае роўныя ўмовы для ўсіх абітурыентаў і найменш стрэсавую сітуацыю ў параўнанні з ін-
шымі формамі іспытаў. Але ЦТ патрабуе змяненняў, пэўнай карэкцыі, бо час не стаіць на месцы. Не заўсёды тое, што ўчора адпавядала яго патрабаванням, з’яўляецца актуальным сёння. Неабходна ўнесці пэўныя карэктывы ў структуру заданняў цэнтралізаванага тэсціравання, у тым ліку па беларускай мове.

Тэставыя заданні па гэтым прадмеце камбінаваныя і складаюцца з 2 частак. Частка А разлічана, як правіла, на рэпрадукцыйны (узнаўленчы) і рэпрадукцыйна-прадукцыйны від дзейнасці. Там неабходна проста паставіць “птушачку” — выбраць правільны(я) адказ(ы) з прапанаваных. Але ў такім выпадку ёсць верагоднасць угадвання правільных адказаў. Лічу, што ў частцы А зусім не павінна быць заданняў з адным правільным адказам.

У частцы В (адкрытага тыпу) варта павялічыць колькасць заданняў, дзе трэба даць кароткі ўласны адказ, выбраўшы патрэбнае слова, словазлучэнне ці запісаць патрэбнае слова ў пэўнай (у адпаведнасці з умовай) форме. 

У тэстах павінны таксама быць 2—3 заданні, дзе неабходна ўстанавіць суадносіны элементаў аднаго мноства з элементамі другога мноства. Пажадана, каб колькасць элементаў у адным мностве была большай на адзін-два. 

Варта таксама выкарыстоўваць заданні на ўзнаўленне паслядоўнасці. Напрыклад, аднавіць словаўтваральны ланцужок.

На маю думку, суадносіны частак А і В у тэставым заданні павінны быць 20% і 80% ці 25% і 75%.

Увядзенне творчага задання (міні-сачынення, разгорнутага адказу) у цэнт­ралізаванае тэсціраванне лічу немэтазгодным, бо яно не выключае суб’ектыўны фактар пры яго праверцы.

Змест ЦТ па беларускай мове адпавядае зместу праграмы ўступных iспытаў. Тэставыя заданні па беларускай мове і далей павінны ахопліваць усе раздзелы вучэбнай праграмы: маўленне, фанетыку, арфаэпію, лексіку, фразеалогію, марфемную будову слова, словаўтварэнне, арфаграфію, марфалогію, сінтаксіс, пунктуацыю, стылістыку, агульныя звесткі пра мову як сістэму…

 

Наталля ШЧАГЛОВА, настаўнік-метадыст, дырэктар Ліцэя ВДУ імя П.М.Машэрава:

— Змяненні ў выніковай атэстацыі адназначна важныя і актуальныя як для сістэмы агульнай сярэдняй, так і для сістэмы вышэйшай адукацыі. Ужо хаця б з той пазіцыі, што мы, нарэшце, выходзім на максімальна аб’ектыўныя крытэрыі ацэньвання іспытаў. Варта прызнаць, што нашы школьныя экзамены сёння не даюць магчымасці ў поўнай меры праве­рыць якасць ведаў кожнага навучэнца. Як ні парадаксальна гу­чыць, адносіны да іх у значнай часткі тых, хто мае непас­рэдную зацікаўленасць у выніках адукацыйнага працэсу, у першую чаргу навучэнцаў і іх бацькоў, сталі ў вялікай ступені фармальнымі. Адзіны экзамен — іншая справа. Да таго ж, на маю думку, такая форма атэстацыі прадыктуе некаторым настаўнікам неабходнасць перанацэліць прафесійнае майстэрства не на дасягненні лепшых вучняў, а найперш на работу з усімі дзецьмі ў класе. Мы сустракаем шмат таленавітых і мэтанакіраваных старшакласнікаў, якія глыбока валодаюць тым ці іншым прадметам, часам на добрым універсітэцкім узроўні, і гэта здорава. Толькі нельга забы­ваць: у школьным узросце актыўна фарміруецца асоба, таму кожны навучэнец павінен развівацца гарманічна.

Калі гаварыць пра пералік прадметаў — руская, беларуская мовы і матэматыка, то менавіта такі выбар для адзінага экзамену абгрунтаваны. Нашай краіне патрэбны дасведчаныя спецыялісты. Патрэбны людзі, якія ўмеюць думаць структуравана, паслядоўна выкладаць уласныя думкі, выбудоўваць пераканаўчую аргументацыю і разумна адстойваць свой пункт погляду, для чаго, несумненна, трэба дасканала валодаць мовай. Аналізаваць, сістэматызаваць, абагуль­няць, рабіць правільныя вывады вучыць матэматыка. Гэта ключавыя, на маю думку, прадметы з тых, што забяспечва­юць агульны ўзровень адукацыйнай падрыхтоўкі. 

Адзіны экзамен прызначаны для праверкі ведаў, засвоеных навучэнцамі ў школе. Тут аналагічны цэнтралізаванаму тэсціраванню фармат, я лічу, аптымальны. Пры ўмове, канечне, што заданні дазваляюць комплексна ацаніць якасць ведаў і выключана магчымасць угадвання правільнага адказу. А вось далей, як мне ўяўляецца, у дапаўненне вельмі прыдатныя варыянты вуснага субяседавання, творчага задання з мэтай бліжэй прыгледзецца да патэнцыялу абітурыента ў дачыненні да канкрэтнай спецыяльнасці. Напэўна, гэтую функцыю варта перадаць вышэйшым навучальным установам. Асобна трэба адзначыць універсітэцкія алімпіяды для абітурыентаў: яны лагічна спалучаюцца з адзіным экзаменам, дапаўняюць і развіваюць сістэму “школа — УВА”. Перавагі відавочныя і ўзаемныя. У дзяцей пашыраецца і становіцца  больш разнастайным выбар, шансы праявіць сябе. З іншага боку, для ўніверсітэтаў свае алімпіяды — дзейсны спосаб знайсці сярод выпускнікоў і прывабіць перспектыўных маладых людзей, якія ім падыхо­дзяць
і з якіх яны ў будучыні выгадуюць моцных спецыялістаў.



Алена ЛАУТКІНА, настаўніца рускай мовы і літаратуры вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі гімназіі № 1 Віцебска імя Ж.І.Алфёрава:

— Новаўвядзенні ў любой сферы хвалююць людзей, якіх гэта закранае, да іх часцей адносяцца насцярожана. Адукацыя — не выключэнне. Разам з тым, калі мы зусім перастаём кру­ціць педалі, то непазбежна падаем з веласіпеда. Змяненні ў выніковай атэстацыі, безумоўна, выклікаюць пэўную занепакоенасць ва ўсіх, хто звязаны са школай, найперш у настаўнікаў, дзяцей і іх бацькоў. Але хачу сказаць, што папярэдняя форма атэстацыі за курс сярэдняй школы вычарпала свой рэсурс. Сапраўды, мэтазгоднасць сістэмы, дзе выпускнікам 11 класа трэба здаваць два розныя выпрабаванні па прадмеце — экзамен і потым цэнтралізаванае тэсціраванне для паступлення ў вышэйшую навучальную ўстанову, мякка кажучы, выклікала сумненні. Змяненні наспелі, яны неабходныя.    

Вусны экзамен або аналаг ЦТ? У цэлым асабіста я за другі варыянт. Для выпускнікоў добра знаёмы фармат, які на працягу многіх гадоў дастаткова эфектыўна працуе. Сістэма цэнтралізаванага тэсціравання выключае прадузятасць з боку экзаменатараў, менш стрэсавых момантаў. Памятаю, калі ўводзілі такі від выпрабаванняў па рускай мове і я пачынала рыхтаваць да яго дзяцей, хапала няпэўнасці з няўпэўненасцю. Зараз кожны этап прадуманы і структураваны. У навучэнцаў ёсць магчымасць схадзіць на рэпетыцыйнае тэсціраванне, атрымаць прыблізнае ўяўленне, якія будуць заданні, адпрацаваць іх выкананне дома і ў школе. Фармулёўкі заданняў у межах вучэбных праграм вар’іруюцца — гэта правільна, бо дапамагае выявіць валоданне той ці іншай тэмай. Але “жывы” ўступны экзамен варта прадугледзець у асобных выпадках. Напрыклад, па шэрагу творчых спецыяльнасцей або той жа замежнай мове, дзе такі тур, як гаварэнне, на маю думку, абавязковы. 

Што тычыцца работы настаўнікаў, мне здаецца, яна практычна не зменіцца. Буду гава­рыць толькі за сябе і нашу ўстанову адукацыі. На ўроках, дадатковых занятках у шосты школьны дзень, у профільных лагерах падчас канікул мы сістэмна і мэтанакіравана працуем з навучэнцамі ў тым ліку па падрыхтоўцы да цэнтралізаванага тэсціравання. І нашы дзеці на працягу многіх гадоў паказваюць вельмі высокі ўзровень ведаў. У нас нямала стабальнікаў (па рус­кай мове фактычна штогод) і значна больш тых, чый вынік вышэйшы за 90 балаў. Не згодна з тымі, хто кажа, нібыта тэсты правяраюць павярхоўныя веды. Па рускай мове кожны раз­дзел мовы прадстаўлены глыбока. Каб пазмагацца за балы 90+, дзецям трэба ведаць вельмі шмат. Не хапае элементаў творчасці? Затое гэта цалкам знімае пытанне суб’ектыўнасці праверкі работы экспертамі. Абмяркоўвала з калегамі напісанне эсэ. Усё ж рацыянальнае зерне ў задуме ёсць. Толькі б улічыць, што непасрэдна сістэма падрыхтоўкі да ЦТ, нацэленая на высокі і найвышэйшы вынік,  уяўляе сабой як мінімум двухгадовы цыкл. Пакуль — у прыватнасці, сённяшнім старшакласнікам — перабудавацца бу­дзе няпроста.

Калі гаварыць аб атэстацыі за курс базавай школы, то для дзяцей крыху нязвыкла, бо яны настройваліся на дыктант. Пераказ адназначна напісаць складаней: нароўні з узроўнем ­пісьменнасці правяраюцца маўленчыя магчымасці навучэнцаў. Аднак форма для іх не новая: на ўроках мы сістэматычна працуем над комплексным аналізам тэксту, пішам розныя пераказы — сціслыя, падрабязныя, вучэбныя, з творчым характарам. Тым не менш мая шматгадовая практыка — трэці дзясятак гадоў у адукацыі — пацвярджае, што сучаснаму пакаленню школьнікаў у параўнанні з іх папярэднікамі складаней запомніць, пераказаць тэкст, кнігу, нават прагледжаны фільм — напэўна, уплыў інтэрнэту. Значыць, работа над удасканальваннем камунікатыўных уменняў навучэнцаў патрабуе больш увагі і часу. Развіццё звязнага маўлення — адна з галоўных задач любога настаўніка-прадметніка.

Запісалі Таццяна БОНДАРАВА,
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий