Для пачаткоўцаў Сыраваткінскай базавай школы Смаргонскага раёна была арганізавана экскурсія ў гісторыка-краязнаўчы музей Вішнеўскай сярэдняй школы.
Нас сустрэла і гасцінна запрасіла наведаць выставу загадчык музея. Пераступіўшы парог, мы быццам перанесліся ў часе і аказаліся ў даўнейшым жылым пакоі, дзе знаходзіліся знаёмыя і не зусім знаёмыя нам рэчы: ліхтары і прасы, прыгожыя сурвэткі з карункамі ручной работы, маслабойкі, лапці, гліняны і шкляны посуд, сумкі, лямпы-газніцы, рэшата і шмат іншых рэчаў, пра якія вельмі цікава апавядала Нэлі Тумаш.
Гэта было свайго роду падарожжа па роднай зямлі. А колькі радасці і захаплення было ў вучняў! Дзеці ўважліва слухалі аповед экскурсавода, задавалі шмат пытанняў. Кожнаму хацелася даведацца пра прызначэнне незвычайных для іх прадметаў, патрымаць іх у руках, высветліць, як яны працуюць.
Папоўніўшы свой багаж новымі ведамі пра жыццё і заняткі нашых продкаў, хлопчыкі і дзяўчынкі змаглі дакрануцца да часцінкі гісторыі.
Людміла РАМАНОЎСКАЯ,
кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні
Сыраваткінскай базавай школы Смаргонскага раёна