Разнастайныя інфармацыйна-рэкламныя і прэзентацыйныя мерапрыемствы ў рамках Рэспубліканскага тыдня ўстаноў дадатковай адукацыі прайшлі на Магілёўшчыне.
Зараз у рэгіёне функцыянуюць 35 устаноў дадатковай адукацыі, і ва ўсіх для наведвальнікаў пастараліся арганізаваць нешта арыгінальнае і цікавае. Акцэнт у рэкламнай кампаніі быў зроблены на інфармаванне навучэнцаў, бацькоўскай грамадскасці і ўсіх зацікаўленых структур пра адукацыйныя магчымасці аб’яднанняў па інтарэсах.
Да прадстаўлення сваёй дзейнасці педагагічныя калектывы ўстаноў дадатковай адукацыі падышлі вельмі крэатыўна. Напрыклад, у Магілёўскім абласным цэнтры творчасці адбылося маштабнае культурна-масавае мерапрыемства з прэзентацыяй аб’яднанняў па інтарэсах, паказальнымі выступленнямі юных спартсменаў, майстар-класамі па выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці, экалагічным і тэхнічным напрамках, турысцкай паласой перашкод, віктарынамі, экскурсіямі і канцэртам.
Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Кіраўска зладзіў сапраўдны оpen-air на свежым паветры, у Круглянскім раённым цэнтры творчасці дзяцей і моладзі “Вясёлка” адбыўся хобі-пікнік, а ў эколага-біялагічным цэнтры дзяцей і моладзі Магілёва арганізавалі квест-гульню на веданне роднага краю. Не менш прывабнымі былі прэзентацыі і іншых навучальных устаноў.
Наогул, рэспубліканскі тыдзень дадатковай адукацыі паказаў, што на Магілёўшчыне навучальныя ўстановы гэтага профілю эфектыўна функцыянуюць, сапраўды задавальняючы ўсе запыты навучэнцаў і бацькоў. Адметна, што яны не стаяць на месцы, а знаходзяцца ў рэжыме развіцця. Рэгулярна адкрываюцца новыя, актуальныя часу аб’яднанні па інтарэсах, удасканальваюцца адукацыйныя праграмы. Усяго сёлета па вобласці ахапіць дадатковай адукацыяй плануецца звыш 50 тысяч дзяцей.
Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота прадастаўлена Магілёўскім абласным цэнтрам творчасці